Ірландскі пісьменнік Джэймс Джойс – адзін з самых значных прадстаўнікоў мадэрнізму. Гэта вялікі эксперыментатар, у чыіх творах закладзена вельмі шмат сэнсаў, і чыя творчасць сягае далёка за прасторы адной эпохі. Джойс прайшоў творчую эвалюцыю, пераадолеўшы даволі моцную прывязанасць да традыцыі, пераасэнсаваўшы, перастварыўшы яе і прыйшоўшы да выразнага фармальнага эксперыменту.
Першыя творы Джойса – гэта паэтычны зборнік «Камерная музыка» (1907), зборнік апавяданняў «Дублінцы» (1914) і раман «Партрэт мастака ў юнацтве» (1916), які стаў пераходным этапам у творчасці пісьменніка.
Самы знакаміты твор Джойса – раман «Уліс» (1922). У яго ёсць літаратурная слава нечытэльнага твора, але гэта міф, які варта развенчваць. Справа ў тым, што аўтар робіць вялізны фармальны эксперымент і прапануе чытачу мастацтва слова, прапануе адшукваць сэнсы – а іх там вельмі шмат. Але гэта не самы складаны твор Джойса.
Раман «Хаўтуры па Фінегане» (1939) падсумоўвае творчую эвалюцыю Джойса і сведчыць пра тое, што пісьменніку стала цесна ў межах літаратуры, англійскай мовы, у межах усіх мажлівых нарматываў, і ён пачынае канструяваць новую мову, новы сусвет. Неабходна растлумачыць адзін з паняткаў кнігі «Хаўтуры па Фінегане», – канцэпт хаосмасу. Хаосмас – гэта гібрыднае слова, якое вельмі добра ілюструе джойсаўскі падыход да сусвету. Пісьменнік канструюе мастацкі ўніверсум, у якім усё вельмі лагічна, добра збудавана. Плынь свядомасці герояў падаецца нечым разбалансаваным, але насамрэч за гэтым стаіць вялікая праца.
У чым выяўляецца хаатычнасць? У творах Джойса закладзена шмат сэнсаў, якія не спасцігаюцца адразу. Чытач павінен сам арыентавацца ў прасторы тэксту, самастойна адшукваць схаваныя сэнсы. Па гэтай прычыне апошняя кніга Джойса лічыцца вельмі эзатэрычнай, амаль недасяжнай для цэласнага ўспрымання.
Раман «Хаўтуры па Фінегане» напісаны на сканструяванай мове. Базавая мова — англійская, але Джойс выкарыстоўвае марфемы і лексемы з некалькіх дзясяткаў моў. У такім выпадку чытач у залежнасці ад сваёй падрыхтаванасці альбо зразумее пэўныя сэнсы, альбо будзе звязваць створаныя Джойсам словы з нейкімі іншымі зместамі. Усё залежыць ад ведаў, культуры, асабістых зацікаўленасцяў чытача. Раман «Хаўтуры па Фінегане» сапраўды ўспрымаецца нібыта хаос, дзе цікава вандраваць чалавеку, які хоча спасцігнуць сусветную культуру. Але гэта надзвычай цяжка для тых, хто не валодае хаця б некалькімі мовамі, уключна з англійскай.
Гаворачы пра раман «Хаўтуры па Фінегане», трэба звярнуць увагу на некалькі крыніц. Па-першае, гэта міфалагема жыцця і смерці, уваскрасення, паказаная ў камічнай баладзе пра Ціма Фінегана. Другая крыніца – легенда пра Фіна, «караля пад гарой», які заснуў у пячоры недзе пад Дублінам і чакае часу, калі можна будзе прачнуцца і выратаваць Ірландыю.
У назве рамана адбываецца гульня слоў: «Finnegans Wake». Першае слова напісана без апострафа, што дазваляе казаць пра дваісты сэнс назвы. З аднаго боку, калі б апостраф быў, назва перакладалася б як «Хаўтуры па Фінегане». З іншага – Джойс гуляе са значэннем слова wake, больш знаёмым як «прачынацца», таму назву можна чытаць як «Фінеганы прачынаюцца». Калі прачытаць назву вельмі хутка, атрымаецца Finn again is awake – «Фін зноў прачынаецца». Нават у назву Джойс укладае шмат сэнсаў. Сам твор пабудаваны такім жа чынам: чытанне спалучаецца з пастаянным пошукам схаваных сэнсаў, суцэльным уваходжаннем у моўную стыхію.
Іншыя творы Джойса, калі глядзець на іх праз прызму хаосмасу, здаюцца больш зразумелымі, значна лягчэй спацігаюцца. Неабходна развенчваць міфы пра тое, што такую літаратуру ведаюць, але не чытаюць, бо насамрэч яна падсумоўвае вялізны культурны досвед чалавецтва і вартая таго, каб да яе звяртацца.