15 февраля 1966, Владимир Короткевич | Wir.by

15 февраля 1966

Владимир Короткевич

Владимир Короткевич

Працаваў. Магчыма, і яшчэ пасяджу. Перарваўся, каб зрабіць маленькі запіс. Адарваўся на хвіліну ад паперы і ўспомніў, як у сотую гадавіну пакарання сядзеў на гары Гедыміна і глядзеў на горад, і як у снегавую завею хадзіў Мурамі, і які быў горад у дождж. Я часам губляю розніцу паміж сваім часам і ягоным, што страшнавата.

Усё гэта неяк злілося ў адным. І ўспаміны, і ўяўленні аб тым, як яно магло быць сто год назад, і што, можа, надвор'е было такое, і сённяшні дождж (такі робіць Вільню страшэнна настраёвым горадам), і думкі аб тым, як яно будзе, калі вось хутка зноў паеду туды, і мо будзем стаяць з Адамам (Мальдзісам) ля Яна ў даждж ці ў людской палаца Снядэцкіх. І вось, як тады, калі ўладкаваліся мы на суткі ў гасцініцу "Наруціс", і як там пагана было, і мы ўцяклі, а я ўсё ж шкадаваў, бо муры былі пад намі, і ўсё здавалася, што не толькі спаймаем настрой апошніх дзён, які я тады спаймаў, але і ўбачыш.

Гэтая сувязь з тым даўно мёртвым чалавекам (аж да магчымасці папярэдзіць), гэта агульна – наш горад, гэты дождж – гэта верш. Адчуваю, што верш. Не ведаю яшчэ як, але верш. Пакуль – не ведаю, адкуль ісці. Няма празрэння і азарэння няма. Можа, ад таго, як сплываюць дажджы, ад няўтульнасці і трывогі вузкіх вуліц? Ці ад таго, што дождж робіць усё гэта падобным на наіўную старую гравюру ў даўно забытай тэхніцы: па сталі ці медзі? Як старыя часопісы, як тутыл «Завальні», як партрэты тагачасных людзей, што распаўсюджваліся з рук.

Недзе вакол таго, што трэба. Яшчэ прычына, каб паехаць. Горад зробіць усё за мяне. Усё прыйдзе і стане на месца пад дажджом, у вузкіх вулках, калі слата і мокры снег.