16 февраля 1942, Иван Мележ | Wir.by

16 февраля 1942

Иван Мележ

Иван Мележ

Зноў Варашылаўград. На такі невялікі адрэзак дарогі мы патрацілі трое сутак. 13-га апоўдні пагрузіліся на Крамяной. Праз тры пралёты (25 км) высадзіліся. Далей паязды не ідуць, шлях перарэзаны немцамі. Ад Пераезднай да Сенцян (каля 20 км) дабіраліся пешкі i машынамі. Апоўначы – пасадка ў Сенцянах. Вагоны таварныя. Забіты пасажырамі. У наш вайсковы вагон раней за нас набілася нейкіх жанчын. Цесна да таго, што сесці нельга, хаця б на падлогу (лавак не было). Праз 20 км перасадка, зноў чатыры гадзіны чакання. Вакзал заняла нейкая часць. Мы забраліся ў прыёмную ваеннага каменданта i там паспалі трохі. Яшчэ некалькі дзесяткаў кіламетраў – Радакава.

Раніца. Поезд у 2 гадзіны. Адпачываем у выпадковай знаёмай – спадарожніцы на вагоне. Каля самага Варашылаўграда стаялі, пуць заняты,– да чаго дарогі загружаны! 15-га прыбылі ў Варашылаўград.

Многія «пасажыры» едуць на прыступках. Раскладу паяздоў няма.

Транспарт загружаны страшэнна. У Варашылаўградзе вырашылі пабыць дзянёк, адпачыць, пацешыць сябе. Раніцай бадзяліся па горадзе, па магазінах, сталовых, глядзелі кінафільмы. Нарэшце збавіўся ад ненавіснага свербу, памыўся ў лазні i бялізну прадэгазаваў. Адчуваем сябе добра. Пасля фронту радуемся кожнай дробязі. Ідзеш па вуліцы сярод спакойных твараў – i радасна, проста радасна, без прычыны.

Заходзіш у сталовую, сядаеш за стол з белым абрусам – на сэрцы лёгка i весела. Чытаю «Горький об искусстве».