22 июля 1942, Иван Мележ | Wir.by

22 июля 1942

Иван Мележ

Иван Мележ

Баі ў раёне Варонежа i на паўднёвы ўсход ад Варашылаўграда.

У раёне Варонежа нашы адцяснілі немцаў, а пад Варашылаўградам адышлі на новыя пазіцыі... Марыя Дзмітрыеўна пазнаёміла мяне з раненым лейтэнантам з Севастопаля Валодзем Сінюковым. Ён у мінулым беспрытульнік, збіраўся стаць мастаком, у вайну апынуўся ў Севастопалі i перажыў там вельмі цяжкія дні.

Ён таксама ранены ў руку. Бледнатвары, з чорнымі, гарачымі вачыма, ён робіць, нават знешне, уражанне чалавека, які многа пабачыў. Ён сапраўды шмат пабачыў, і, слухаючы яго, я быццам пераношуся думкамі ў палаючы Севастопаль.

Трэба будзе запісаць яго расказы.

Ён марыць напісаць карціну аб Севастопалі. Яна ўжо склалася ў яго. Стары, жанчына i хлопчык, а за імі горад — Севастопаль — у агні.