26 февраля 1982, Владимир Короткевич | Wir.by

26 февраля 1982

Владимир Короткевич

Владимир Короткевич

І зноў з раніцы такі туман, што нічога не відаць у двары. Цяпер крыху ясней, але гарызонт усё адно ляжыць недзе адразу за лечкамісіяй. 4℃ марозу. Дзе ў хатах людзі, там ужо зараз у некаторых вокнах лямпы. Праца ідзе марудна, на кожным слове званкі, візіты сяброў (не тых, каго хацеў бы бачыць), размовы па справах, спраўкі, якія можна зрабіць у бібліятэцы Леніна (у мяне лягчэй, не трэба шукаць і чытаць і, акрамя таго, я за гэта не атрымоўваю зарплаты і таму раблю гэта добрасумленна).

Першы візіт, якому рады. Прыйшоў Павал Дубашынскі…

Пайшоў вечарам. Адзін з самых таленавітых людзей, якіх я ведаю. І не толькі як акцёр, ён якраз менш за ўсё грае, хіба толькі сваю слаўную душу. Гэта як… дзядзькі такія бываюць на вёсцы: гавораць – заслухаешся, салавей, калі можна сабе ўявіць салаўя з пачуццём гумару, і ўсё гэта робяць, як кажуць, не для хлеба куска, а для пана Езуса.

Расказваў такія гісторыі, што смяяцца і плакаць хацелася, і – жывая праўда, якой не выдумаеш, хоць язык адкусі, хоць бэркавец паперы з’еш. І разумны, як не толькі мала хто з акцёраў, а і мала хто з пісьменнікаў. Мабыць, некаторыя і не вераць. А я веру, бо талент на незвычайныя здарэнні. Як і ў мяне. Трапіш, а пасля сам здзіўляешся.

І які талент увогуле. Расказаў чатыры голай праўды гісторыі, якія, каб запісаць так, як ён расказаў, – цаны б ім не было. Локці кусалі б усе нашы г… і не толькі штучна раздзьмутыя накшталт СУШ (і шыпяць жа ўсе!), але і сапраўдныя. І нават тое, што выпіў крыху, лепей за іхнюю, на людзях, цвярозасць. Як шкада, што прападуць! З усім трагізмам, гумарам, чалавечнасцю. Праўду кажуць, што калі ўжо таленавіты, то нават дровы таленавіта сячэ, нават малюе – на ўсе рукі майстар. А так, мабыць, і трэба.

Калі не ўгавару яго, лайдака, прапалі для Беларусі чатыры навелы, якіх ніводная літаратура не нюхала.

Чым пах дарэвалюцыйны Мінск?
Чым пах дарэвалюцыйны Мінск?
Мінск (або ўсё ж такі Менск?) — горад з дваістай, няўлоўнай сутнасцю, бо яго аблічча пастаянна змяняецца: яго руйнавалі, перабудоўвалі, перадавалі з рук у рукі, ён гаварыў на самых розных мовах. Чалавек з ХІХ стагоддзя, апынуўшыся тут і цяпер, з цяжкасцю пазнаў бы Мінск, а нашы сучаснікі згубіліся б у горадзе канца ХІХ стагоддзя. У гэтым артыкуле паспрабуем перанесціся ў часе ды ўявіць сабе карціну дарэвалюцыйнага губернскага горада Менска з дапамогай самага моцнага каталізатара ўспамінаў — пахаў.
Кацярына Парыжаская
Читать статью