16 августа 1942
Иван Мележ
Баі на ранейшых напрамках.
Маімі пісаннямі зацікавілася мой урач. Сёння, калі ішлі на перавязку, яна мяне спытала з цікавасцю: «Што вы пішаце?» Я сказаў, што так, усякую ўсячыну.
Яна больш не пыталася, твар яе набыў вельмі дзелавы выраз.
Яна вельмі сур'ёзная i сур'ёзна працуе i сур'ёзна ставіцца да нас. Яна быццам падкрэслівае, што яна дзелавы чалавек, урач, i заўсёды памятае аб гэтым.
Я таксама аб гэтым помню i разумею яе: ёй амаль столькі ж гадоў, як i мне. I я ведаю, што яна студэнтка медінстытута ў Тбілісі.
Няхай i апошняга курса.
Адносіны ў нас вельмі афіцыйныя. Але ўсё ж гэта не адносіны ўрача i хворага. Гэта адносіны двух студэнтаў, цяперашняга i былога.
Мы ўсё ж адчуваем сябе таварышамі. Хоць яна i нізашто, напэўна, не прызнаецца ў гэтым. Дзелавы чалавек, на службе.