Зараджэнне: Прастытутка і Свінапас | Wir.by
Хто і пра што здымаў кіно ў Беларусі? Гісторыя ад першых карцін маладой краіны да нашых часоў. Частка першая: 1926–1945 гады.
Зараджэнне: Прастытутка і Свінапас
baravik
Мікіта Баравік

Зараджэнне: Прастытутка і Свінапас

Беларускае кіно
Гэта 1 частка цыкла
Беларускае кіно
1. Зараджэнне: Прастытутка і Свінапас
2. Партызаны. Паравозы. Рабінзоны
3. Эпоха экранізацый
4. Канец прыўкраснай эпохі
5. Канец сямідзясятых
6. Палеская хроніка
7. Перабудова
8. Дзевяностыя

Не сакрэт, што кінематограф, ператварыўшыся з неверагоднага відовішча і забавы ў паўнавартасны від мастацтва, сродак ідэалагічнага і эстэтычнага ўплыву, так ці іначай звяртаўся да літаратуры як асновы для сваіх сюжэтаў. І літаратура ахвотна ішла насустрач маладому, нясталаму кіно, у некаторых выпадках утвараючы ўдалы сімбіёз. Так, толькі ў час да Кастрычніцкай рэвалюцыі было зроблена каля 40 экранізацый твораў Льва Талстога, а сам пісьменнік неаднаразова сцвярджаў:

Кінематограф зразумелы вялізным масам, прытым усіх народаў. І тут можна напісаць не чатыры, не пяць, а дзесяць, пятнаццаць карцін.

У той час як Жорж Мельес учыніў рэвалюцыю ў сферы мантажу і спецэфектаў, Дэвід Грыфіт распачаў вытворчасць мастацкіх фільмаў, у Германіі квітнеў экспрэсіянізм у кіно, беларускі кінематограф толькі зараджаўся: у 1924 г. быў створаны трэст «Белдзяржкіно». Зірнем, як увасобіліся літаратурныя творы на экране і ці існуе беларуская кінатрадыцыя.

Даваенны этап развіцця беларускага кіно ставіў перад сабой пераважна дзве задачы: ідэалагічную і асветніцкую. Таму не дзіва, што і літаратурная аснова абіралася адпаведная.

image1.jpgАфіша фільма «‎Лясная быль»‎ Так, афіцыйна першая, як яе тады называлі, беларуская фільма была знятая паводле аповесці «‎Свінапас‎» Міхася Чарота, члена літаратурнага аб’яднання «‎Маладняк». З яго аповесці і паўстала вядомая карціна «‎Лясная быль» рэжысёра Юрыя Тарыча (1926). Увесь савецкі пласт беларускага кіно выпускала выключна адна студыя – «‎Савецкая Беларусь‎» (з 1946 г. – «‎Беларусьфільм»).

Сюжэт карціны амаль дубліруе падзеі, апісаныя ў аповесці Міхася Чарота. Савецка-польская вайна 1919–1921 гг., змаганне беларускіх легіянераў з ненавісным ворагам, карціны роднай прыроды і, урэшце, выгнанне захопнікаў – усё гэта знайшло адлюстраванне на стужцы. Да другой асаблівасці «‎Лясной былі» можна аднесці кароткую экспазіцыю: у адрозненне ад пісьменніка, які няспешна ўводзіць у сюжэт Грышку-свінапаса, яго бацьку Лявона ды іншых персанажаў, Юры Тарыч наўмысна ці праз эканомію стужкі пераходзіць адразу да імклівага тэмпу прыгодніцкага кіно. Патрыятычны пафас, узнаўленне гістарычных падзей у палярызаваным святле «‎дабро-зло», дзе дабро – гэта чырвонаармейцы, а зло – агрэсіўныя і бязлітасныя палякі, таксама прысутнічае.

Першым беларускім фільмам магла лічыцца стужка Алега Фрэліха пад назвай «Прастытутка», знятая «Белдзяржкіно» на базе маскоўскай кінастудыі. Фільм здымаўся адначасова з «Лясной быллю», прычым вытворчасць «Прастытуткі» была завершаная раней. А вось з прэм'ерай Тарыч апярэдзіў канкурэнта, таму менавіта «Лясная быль» увайшла ў гісторыю як першы мастацкі фільм, зняты ў Беларусі. Тым не менш, у свой час «Прастытутка» мела поспех, шмат у чым абумоўлены правакацыйнай назвай і вострасацыяльнай тэматыкай, і дазволіла трэсту «Белдзяржкіно» займацца здымкамі і надалей.

Наступныя экранізацыі твораў беларускай літаратуры гэтага перыяду не былі настолькі рэвалюцыйнымі, яны прытрымліваліся таго ж тэматычнага накірунку і культурнай традыцыі:

Літаратурны твор

Фільм

Аповесць Анатоля Вольнага «‎Два»

«‎Хвоі гамоняць‎» (1929), рэж. Леанід Малчанаў

Аповесць Якуба Коласа «‎На прасторах жыцця»

«‎Песня вясны» (1929), рэж. Уладзімір Гардзін

Аповесць Петруся Броўкі «‎Каландры»

«‎Хто твой сябра?» (1934), рэж. Міхаіл Авербах

Аповесць Янкі Маўра «‎Палескія рабінзоны»

«‎Палескія рабінзоны» (1935), рэж. Іосіф Бахар, Леанід Малчанаў

Аповесць Змітрака Бядулі «‎Салавей»

«‎Салавей» (1937), рэж. Эдуард Аршанскі

  • Фільм «‎Палескія рабінзоны» – першая гукавая карціна ў беларускім кіно. У яе стварэнні ўдзельнічаў Янка Маўр, аднайменная аповесць якога стала асновай для сцэнарыя. На жаль, фільм захаваўся толькі часткова.

  • Фільм «‎Песня вясны» не захаваўся наогул.

  • Змітрок Бядуля быў адным са сцэнарыстаў (разам з Мікалаем Таўбе і Эдуардам Аршанскім) карціны паводле сваёй аповесці «‎Салавей», прымаў актыўны ўдзел у стварэнні касцюмаў і дэкарацый.

image2.jpgКадр з фільма «‎Палескія рабінзоны»Апрача беларускай прозы, першаасновай карцін у беларускім кінематографе нярэдка служылі творы рускіх пісьменнікаў. Так, паспяховымі сталі аднайменныя экранізацыі твора Юрыя Тынянава (савецкі пісьменнік, 1894–1943) «‎Паручнік Кіжэ» рэжысёра Аляксандра Файнцымера – кінафарс пра часы імператара Паўла І, і твораў Антона Чэхава «‎Чалавек у футляры», «‎Мядзведзь», «‎Маска», «‎Налім».

Неўзабаве беларуская кінавытворчасць была перарваная Другой сустветнай вайной, якая зрабіла немагчымымі творчыя захады ў сферы кінамастацтва. Фільмы, за выпуск якіх стала адказваць Цэнтральная студыя дакументальных фільмаў, адпаведна, тэматычна звузіліся. Так, сярод стужак ваеннага часу найбольш распаўсюджанымі былі фрагменты спектакляў, народных танцаў, якія складалі так званыя ваенныя кіначасопісы.

На гэтым фактычна завяршаецца першы, станаўленчы этап беларускага кінематографа. Пасля вызвалення Мінска ў сталіцу пачалі вяртацца здымачныя групы, і на працягу наступных 25 гадоў вытворчыя цэхі і здымачны павільён размяшчаліся ў будынку касцёла святых Сымона і Алены (Чырвонага касцёла).

Гісторыя
Кіно
Беларусь
БССР
1920-я
XX стагоддзе