5 July 1944
Kuźma Čorny
Яшчэ няма шасці гадзін. Толькі што званілі з радыё. Ледзьве адпрасіўся, каб не пісаць сёння, а няхай ужо хоць заўтра пра заняцце нашымі Баранавічаў. Жаночы голас быў упарты і непадатлівы. Значыцца, Баранавічы, відаць, ужо забраны. Раз перадача для заграніцы, то трэба напісаць аб беларускай нацыянальнай трагедыі, рэшткі старых нямецкіх акопаў, былой польскай граніцы.
Учора заходзіў Гутараў4 пытацца, што ім рабіць: яны пішуць нейкі дослед аб Я.Купалу, а «Кліч да беларускага народа»5 і выступленне на першым беларускім радыёмітынгу з Казані зімой 1941 г. пісаў Купалу я. Баўдзей6 так проста і ставіць справу, а іншыя не ведаюць, што зрабіць: мне ці Купалу аддаць гэтыя тэксты. Мне і самому ўсё гэта нядобра, але тады не напісаць гэтага я не мог.