4 July 1944
Kuźma Čorny
Учора нашы забралі Менск. Нямецкая навалач прэ з Беларусі на ўсе застаўкі. З гэтае прычыны ўчора ўвечары сабраліся: я, Цімох Крысько2, Алеся Александровіч3. Больш нікога няма, усе нашы ў Гомелі. Я выпіў добрую шклянку віна, гэта ўпершыню пасля хваробы. І нічога. Дзякуй богу, я здаравею. Учора ўночы паведамілі ў зводцы, што ўзялі Цімкавічы, Вялікую Раёўку, Жавалкі... Родныя мае мясціны. Як мая душа рвецца туды! Яна заўсёды там. Там жывуць усе мае персанажы. Усе дарогі, пейзажы, дрэвы, хаты, чалавечыя натуры, пра якія я калі-небудзь пісаў. Гэта ўсё адтуль, сапраўднае. Пішучы пра Скіп'ёўскае Пераброддзе, я думаю пра Скіп'ёва каля Цімкавіч, паміж лясамі Скіп'ёўшчынай і Ліхадзёўшчынай, мілае малое Селішча, хараством якога заўсёды захаплялася мая маці нябожчыца.