10 February 1982
Uładzimir Karatkievič
Касцюшка пазбаўлены імя нацыянальнага героя Амерыкі. Мабыць, [Рэйган] веруючы чалавек (хаця, які ён веруючы? Веруючы я, мабыць, нават нехрысць), а паставіў сябе вышэй бога, які ніколі не помсціў дзецям, а ўжо і продкам і пагатоў. Гэтак мы павінны былі ў вайну спаліць кнігі Гётэ і Энгельса, а зараз, у сувязі з абвастрэннем адносін з Ізраілем, спаліць кнігі Шолама Алейхема і Маркса. І ўвогуле, адабраць дадзенае чалавеку, які жыццём рызыкаваў за твой народ?! Часам думаеш, ці не ідыёт ён. І вось міжволі думаеш, а ці не агент ён польскай разведкі[...]. Бо нельга было больш пашкодзіць Амерыцы ў вачах людзей свету, якія могуць і не лезці ў палітыку, але якім дадзена сумленне, дадзена служэнне любові, подзвігу, адкрыццю, пазнанню і праўдзе.
Рацыя, што можна за дзвесце лет навучыцца рабіць адкрыцці і грошы, зрабіцца магутным, але культуры нават за дзвесце лет навучыцца нельга. І адвыкнуць быць хамам – хай ты сабе сын прафесара ці нават міністра культуры – таксама нельга.
Цяжка, мабыць, дзяржаве адчуваць, што ёю кіруе чалавек без пробліскаў чалавечнасці, удзячнасці, совесці і здаровага сэнсу.
Ён абразіў гэтым не толькі іх, ён мяне абразіў, Беларусь, якая дала свету гэтага паляка.
[...]
А ці не пазбавіць і мне Касцюшку звання ўраджэнца Беларусі толькі таму, што мне не падабаецца тое-сёе з таго, што рабілася за апошнія гады ў Польшчы? Ды заадно прарабіць тую самую аперацыю з улюбёнымі Міцкевічам, Сыракомлем, Манюшкам, Рушчыцам і г. д. (ледзь не сказаў Пілсудскім, але спахапіўся). А што? А што? Як пісьменнік я важу, ва ўсякім разе, больш чым ён [Рэйган], як акцёр. А як дзяржаўныя дзеячы мы з ім аднолькавыя нікчэмнасці, шэлега ламанага не вартыя. Праўда ў яго розныя нейтронныя бомбы, а ў мяне толькі маё сумленне, але, я думаю, вышэйпамянёным людзям ад гэтага майго ўчынку было б больш прыкра.
Але ж і выхадка. Адным выбрыкам зрабіў болей, чым магло б пашкодзіць сваёй радзіме ўласнае міністэрства прапаганды за дзесяць год, каб спецыяльна задалося мэтай зрабіць як найгорш…
Нічога, не прыўнывайма, не будзем гэтак рабіць.