3 October 1942
Ivan Mielež
Становішча няяснае i заблытанае. Мы па некалькі разоў то адыходзім назад, то зноў вяртаемся на старыя месцы. Гэта злуе — падобна на недарэчную гульню. Байцы таксама бурчаць: усё развінаем гарматы ды капаем, а якая карысць — ніводнага снарада не выпусцілі.
Пасля аднаго з такіх поўзанняў пад Сінельнікава мы ледзь не наскочылі на нямецкія танкі. Мы ішлі па адной вуліцы сяла, а яны па другой, паралельнай першай. Паміж вуліцамі — лагчына, у ёй сады, агароды. Знакі на танках не былі відаць, i мы, чакаючы, паглядалі на ix, але працягвалі ехаць. Калі мы пачалі супакойвацца, пярэдні з танкаў развярнуўся i застрачыў. Мы саскочылі з гармат i кінуліся ва ўкрыцці.
Адзін снарад трапіў у люльку, другі — у трактар; загарэўся прычэп.
Калі доўгая танкавая калона прайшла, мы рушылі зноў. Адзін трактар выйшаў са строю, гарматы таксама моцна пакалечаны. Снарад трапіў у бачок з макаронамі (мы не паспелі паснедаць), i ўся гармата была абвешана гэтай аздобаю. Калі прывезлі абед, байцы жартавалі:
«Давайце зараз, а то не атрымалася б гісторыя, падобная на снеданне».