23 November 1941
Ivan Mielež
Аб жыцці. У якіх бы выпрабаваннях не быў, я заўсёды любіў жыццё. Я заўважыў, што чым слабей туліла мяне да сябе жыццё, тым мацней я за яго трымаўся, тым больш салодкім яно здавалася мне, мяне радаваў проста-такі кожны ўдых. Мне было як шчасце бачыць любое хараство жыцця: сіняе — звычайнае — неба, палі, лугі. Я шчаслівы быў ад таго, што мог гаварыць, спяваць! Заўсёды я адужваў усе цяжкасці ў імя будучыні, у імя жыцця. Светлы вобраз будучыні быў мне ўвесь час пуцяводным агеньчыкам сярод чорнага быцця сённяшняга дня. Мары сагравалі мяне, рабілі больш бадзёрым, моцным. Мары, у якія пастаянна ўпляталіся цёплыя ўспаміны былога!