2 July 1944
Kuźma Čorny
Можа, заўтра, а можа, паслязаўтра наша армія забярэ Менск. Падыходзіць канец нашым пакутам. Дзякаваць богу, і хвароба мая пакрысе пакідае мяне. Ад часу, калі я захварэў, прайшло ўжо год і сем месяцаў. Не было яшчэ такога, каб мая паправа спынілася. Увесь час павольна сочыцца ачуньванне. На гэта я спадзяюся на далейшае і гэта трымае маю душу ў жывой раўнавазе. Ужо і цяпер як мае быць, лёгка і многа, як і да хваробы, працую. Якое гэта шчасце! І як я бываю няўдзячан лёсу, калі часамі мяне апаноўвае смутак! Гэтымі днямі я заўважыў, што ўжо добра бачу ліст паперы ўвесь так, каб пісаць на ім роўным радком, які б шырокі ліст паперы ні быў. А яшчэ шэсць месяцаў таму, калі пачынаў перапісваць «Пошукі будучыні», мне была пакута выпісаць роўна загаловак і першы радок. Я цыркулем мераў раўналежнасць радка ад берага паперы. Учора паслаў у Цімкавічы паштоўку, хоць там, можа, яшчэ і немцы. Але пакуль паштоўка туды падпаўзе, то напэўна ўжо берлінскага гадаўя там не будзе. Сёння быў дождж. На двары мокра. Я пішу, бачу з вакна мокры дах, і ў душы маёй ціхая радасць, вялікая: як добра я ўжо бачу! Сем гадзін. Перад вечарам. Дома са мной толькі адна Іра, любая мая ўцеха! Заўтра да паўдня трэба напісаць артыкул для «Известий». Цяжка мне пісаць па-расейску, а ў іх няма перакладчыка з беларускай мовы... Трэба яшчэ думаць, як бы павячэраць. Ад дрэннай яды (і тае вельмі мала) я апошнім часам аслабеў.