8 December 1942
Ivan Mielež
Гаспадыня вярнулася дамоў прыгнечаная, разгубленая. На маё пытанне сказала, што чула аб прызыве дзяўчат 1923 года. Пайшла гатаваць абед дачцэ, якая хутка павінна вярнуцца з інстытута,— але неўзабаве вярнулася да мяне. «Яна адна ў мяне. Яна для мяне — усё жыццё. Вось хачу ўзяць сябе ў рукі i не магу. Раней я лёгка перанесла б гэта. А цяпер няма сілы». Я спрабаваў супакоіць яе, вышукваў довады, што маглі б суцешыць яе. Сказаў, што дзяўчат не пасылаюць на перадавую лінію. Яна моўчкі паківала галавой i пачала расказваць, якая ў яе неспакойная дачка. «Яна сама папросіцца наперад. Яна ў мяне такая». Ліда, між іншым, гаварыла неяк: «Ты ведаеш, яна мяне так любіць, што з усім, што я прашу, згодзіцца. Нават, калі я скажу, што хачу ў армію, яна не зробіць нічога супраць!»