Славянскія мовы
Гісторыя кашубскай мовы, як і гісторыя рэгіёна і яго насельнікаў, вельмі супярэчлівая. Першыя пісьмовыя сведчанні з’яўляюцца прыкладна ў XV–XVI стст. Гэта пераважна польскамоўныя альбо – значна радзей – нямецкамоўныя тэксты з так званым кашубскім налётам. З прыходам пратэстантызму з’яўляюцца пераклады пратэстанцкіх тэкстаў, у прыватнасці, тэкстаў Марціна Лютэра. У XVIІІ ст. сустракаюцца побытавыя тэксты: запісы сведчанняў на судах, вопісы маёмасці, бо вельмі часта чалавеку, які складаў гэтыя дакументы, было лягчэй апісаць маёмасць нейкага жыхара дадзенай мясцовасці, проста ўжываючы тыя словы, якія той сам ужываў, называючы свае рэчы.
Да ХІХ ст. кашубская развівалася з перапынкамі – і толькі ў другой палове ХІХ ст. пачынаецца вельмі актыўная дыскусія наконт развіцця кашубскай мовы, наконт таго, каб на кашубскай мове складаць паўнавартасныя тэксты. Пачынаецца пэўнае адраджэнне: першыя спробы стварэння граматыкі, у якой адзінага прынятага ўсімі кашубамі варыянта дагэтуль няма. З’яўляецца кашубская перыёдыка: нядаўна адна з суполак у Facebook адзначала 110-годдзе адной з першых кашубскіх газет «Gryf» (заснаваная ў 1908 г.). І, безумоўна, ХІХ–ХХ стст., што вельмі тыпова для такой моўнай сітуацыі, – гэта час дзейнасці апантаных збіральнікаў лексікі і фальклору, час спроб складання слоўнікаў. Напрыклад, да Другой сусветнай вайны адзін з самых вядомых дзеячаў кашубскай культуры і кашубскага мовазнаўства ксёндз Бернард Сыхта (1907–1982) збірае велізарны матэрыял для свайго «Кашубскага слоўніка». І ўжо ў 1967–1976 гг. выходзіць ягоны «Слоўнік кашубскай гаворкі на фоне народнай культуры». Гэты слоўнік вельмі прыязны для чытача, таму што амаль кожнае слова Сыхта суправаджае аповедам пра тое, як гэтае слова ўжываецца, ці ўжываецца ў абра́зах, мянушках. На сённяшні дзень гэта адзін з самых багатых слоўнікаў у прынцыпе ў заходнеславянскіх мовах, хаця сам статус мовы да сённяшняга дня вельмі няясны.
Важна ўзгадаць, што на пачатку ХХ ст. з’яўляецца вельмі значны і буйны твор, напісаны цалкам па-кашубску: прыгодніцкі раман Аляксандра Майкоўскага «Жыццё і прыгоды Рэмуса». Раман апісвае часы прускага панавання. Гэта вельмі традыцыйна напісаны твор: адзін кашуб вандруе па Кашубах і сустракаецца са злымі духамі, якія перашкаджаюць нармальна існаваць і быць шчаслівымі самім кашубам. У іх вельмі сімвалічныя імёны: Страх, Голад і Няварта.
6 студзеня 2005 г. |
---|
Кашубская мова атрымлівае статус рэгіянальнай |
ХХ ст., асабліва яго другая палова, гэта спробы звесці ўсё кашубскае да замарожаных і рэгламентаваных фальклорных формаў. Канец 80-х – пачатак 90-х гадоў – гэта, безумоўна, абуджэнне. Польшча становіцца часткай сусветнай дэмакратычнай супольнасці і падпісвае шмат дакументаў, паводле якіх яна будзе падтрымліваць нацыянальныя меншасці на сваёй тэрыторыі. 6 студзеня 2005 г. кашубская мова атрымлівае статус рэгіянальнай. Гэты статус дазваляе звяртацца ў афіцыйныя ўстановы на тэрыторыі Кашубаў па-кашубску і атрымліваць адказ на свой зварот па-кашубску. З’яўляецца кашубскае тэлебачанне. На сённяшні дзень няма ніводнага канала, дзе гучала б толькі кашубская мова, але з’яўляюцца кашубскія перадачы. З’яўляецца альбо аднаўляецца і больш актыўна развіваецца кашубская перыёдыка, кашубскае радыё. Кашубская з’яўляецца ў школах, па-кашубску можна здаваць экзамены, у прыватнасці як адзін з выпускных школьных экзаменаў можна здаваць менавіта кашубскую мову і літаратуру. Кашубская мова пакрысе вяртаецца ў касцёлы. На сённяшні дзень існуе некалькі семінарый, якія ў вельмі невялікіх колькасцях, але тым не менш рыхтуюць будучых кашубскіх, кашубскамоўных у першую чаргу, ксяндзоў.
З’яўляюцца кашубскія выдавецтвы і спробы перакладу твораў сусветнай літаратуры на кашубскую мову. У прыватнасці, выдаюцца такія кнігі для дзяцей, як «Маленькі прынц», «Віні-Пух», альбо пераклад «Пана Тадэвуша».
Варта дадаць, што для кашубаў адным з цэнтральных гарадоў з’яўляецца Вэйхерова – і там ужо на працягу 16 год адбываецца адна з цэнтральных імпрэз для культурнага і духоўнага жыцця: фестываль Verba Sacra. Сам фестываль пачаўся ў 2000 г., і меркавалася, што кожны год на гэтым фестывалі будуць публічна чытацца розныя фрагменты Святога Пісання. З 2003 г. Verba Sacra адбываецца па-кашубску. Пераклад Святога Пісання быў выкананы прафесарам ксяндзом Адамам Сікорам. Апошнія чытанні Verba Sacra адбыліся зусім нядаўна, 28 студзеня 2019 г. У іх традыцыйна прымае ўдзел яшчэ адна вельмі вядомая (побач з Дональдам Тускам) асоба – польская акторка Данута Стэнка, якая дастаткова актыўна падкрэслівае сваю кашубскасць. Яшчэ адна вельмі актыўная сфера, у якой так ці інакш абмяркоўваецца, развіваецца кашубская мова і культура – гэта інтэрнэт. Існуе шэраг артыкулаў у Вікіпедыі па-кашубску, аперацыйная сістэма Linux і Facebook па-кашубску.