Дзевяностыя | Wir.by
Апошняя частка цыкла: распавядаем пра два спрэчныя фільмы на забароненыя раней тэмы
Дзевяностыя

Дзевяностыя

Беларускае кіно
Гэта 8 частка цыкла
Беларускае кіно
1. Зараджэнне: Прастытутка і Свінапас
2. Партызаны. Паравозы. Рабінзоны
3. Эпоха экранізацый
4. Канец прыўкраснай эпохі
5. Канец сямідзясятых
6. Палеская хроніка
7. Перабудова
8. Дзевяностыя

У 1990-я гады змены, якія пачаліся падчас перабудовы (камерцыялізацыя, цеснае супрацоўніцтва з тэлебачаннем, арыентацыя на шырокую глядацкую аўдыторыю), ахапілі ўвесь дзяржаўны кінематограф. Паралель прасочваецца паміж аднолькава застойнымі 70-мі і 90-мі. Ні пракатныя арганізацыі, ні кінатэатры не былі зацікаўленыя ў беларускай кінапрадукцыі, што тлумачылася сацыяльнай нестабільнасцю і адкрыццём сусветнага кіно, дэфіцытнага яшчэ некалькі гадоў таму. Вядомы польскі рэжысёр Кшыштаф Занусі прывёў свае довады наконт гэтага:

Газета «Ежедневник», 7 верасня 2011 г.

«...краіна, дзе 10 мільёнаў людзей, не можа разлічваць на камерцыйны поспех свайго кіно. Камерцыйна паспяховае кіно можа быць у Індыі, у Амерыцы, у Расіі — у вялікіх краінах... Але калі 10 мільёнаў, як у Венгрыі і ў Чэхіі, кіно будзе стратным».

Дзве спрэчныя карціны — «Тутэйшыя» (1993) паводле на працягу амаль 60 гадоў забароненай п’есы Янкі Купалы, і «На чорных лядах» (1995) па апавяданнях Васіля Быкава «На чорных лядах» і «Перад канцом» — адзначылі пераход беларускага кіно на новы, постсавецкі этап.

Да табуяваных тэм, а менавіта трагічнага і несамавітага месца беларусаў сярод суседзяў і антысавецкіх настрояў беларускага насельніцтва, звярнуўся рэжысёр Валерый Панамароў.

Першы з узгаданых фільмаў так і не быў паказаны па тэлебачанні і дагэтуль знаходзіцца ў архівах «Беларусьфільма». У 2007 годзе тэлеканал «Белсат» зрабіў спробу перазняць фільм паводле п’есы класіка. Рэжысёр Валерый Мазынскі дакладна адлюстраваў падзеі, апісаныя Купалам. Праблема ў тым, што «Тутэйшыя» 2007 года — гэта хутчэй фільм-спектакль з добрай акцёрскай ігрой і рэквізітам, але слабы з кінематаграфічнага погляду.

image1.jpgКадр з фільма «На чорных лядах»Кінастужку «На чорных лядах» (1995) можна разглядаць як арт-хаус пра крывавае Слуцкае паўстанне 1920 года. Фільм не толькі асэнсоўвае гістарычную траўму, якая падзяліла беларусаў на два, а то і тры лагеры, але і насычаны псіхалагізмам. Ён не багаты на дынаміку, але ўмела пабудаваны ў кантэксце суперажывання персанажам, якія сутыкаюцца з непераадольнымі гістарычнымі абставінамі.

Кіно
Беларусь
XX стагоддзе
1990-я
Янка Купала
Васіль Быкаў