Шасцідзясятыя гады ХХ ст. сталі ключавымі ў пасляваенным развіцці беларускага кінематографа. Менавіта гэта дзесяцігоддзе адзначана прыходам новага пакалення беларускіх кінатворцаў, якіх па аналогіі з літаратарамі называюць шасцідзясятнікамі. Да іх адносяцца В. Тураў, Р. Віктараў, Б. Сцяпанаў, І. Дабралюбаў, В. Чацверыкоў, Я. Ігнацьеў і інш. Гэта пакаленне імкнулася да адлюстравання ў карцінах сучаснасці, арыентуючыся на густ і ўспрыманне актуальнага гледача.
Адной з самых паспяховых карцін беларускай кінематаграфіі стала экранізацыя эпічнай трылогіі Якуба Коласа «На ростанях». Стварэннем кінадылогіі «Першыя выпрабаванні» (1960, 1961) па матывах твора заняўся знаны рэжысёр Уладзімір Корш-Саблін, аўтар карцін «У агні народжаная», «Першы ўзвод», «Шукальнікі шчасця», «Канстанцін Заслонаў», «Масква-Генуя».
Шырокі часавы і прасторавы ахоп трылогіі, адсутнасць акрэсленага сюжэту – усё супярэчыла канонам кінавытворчасці, замінала дасягнуць вострасюжэтнасці. Калі б не ўпартасць паэтаў Аркадзя Куляшова і Максіма Лужаніна, раман народнага пісьменніка БССР так ніколі і не знайшоў бы свайго месца ў кінематографе. Да таго ж экранізацыя была праблематычнай і праз нежаданне аўтара «перасаджваць дрэва з разгалінаванымі каранямі на іншую глебу». Напрыклад, на экранізацыю паэмы «Рыбакова хата» Колас наогул не даў згоды. Пасля смерці пісьменніка ў 1956 г. яго сын, Даніла Міцкевіч, афіцыйным лістом у кінастудыю «Беларусьфільм» дазволіў здымаць фільм па матывах трылогіі.
Працэс увасаблення рамана Якуба Коласа ў фільм можна назваць самым заблытаным у беларускім кіно. Кінадылогія на сваім шляху прайшла тры сцэнары: першы з іх належаў Максіму Лужаніну і Алесю Звонаку, але ён разыходзіўся з поглядамі іншых членаў здымачнай групы; другі сцэнар Лужанін пісаў сумесна з Алесем Кучарам, але і ён быў адрынуты кіраўніцтвам; трэці, канчатковы варыянт быў зацверджаны толькі ў 1958 г. на мастацкім савеце «Беларусьфільма».
Экранізацыя поўнілася аўтарскімі адступленнямі ад літаратурнага твора, якія некаторыя крытыкі характарызавалі як «недазволеныя свавольствы». Усё гэта рабілася дзеля адаптацыі занадта нелінейнага, аб’ёмнага рамана да кінаформы. Так, звышідэяй карціны стала дэманстрацыя росту самасвядомасці сельскай інтэлігенцыі пад уплывам рэвалюцыйных ідэй, таму Лабановіч мэтанакіравана «падштурхоўваецца» да збліжэння з сацыял-дэмакратызмам. Псіхалагізм арыгіналу наўмысна парушаецца і ў любоўнай лініі пратаганіста: кінематаграфічны Лабановіч, напрыклад, уступае ў фіктыўны шлюб з настаўніцай Андросавай, пазней закладае яе хату на патрэбы рэвалюцыі, а ў апошняй сцэне яны разам «становяцца на шлях рэвалюцыйнай дзейнасці». Такая ператрактоўка сюжэтных ліній рамана «На ростанях» выклікала абурэнне беларускіх літаратуразнаўцаў.
Дзве розныя па літаратурнай аснове і мастацкіх прынцыпах пастаноўкі ажыццявіў у 1960-я гг. рэжысёр Віктар Тураў. У 1965 г. ён выпусціў сваю дэбютную стужку «Цераз могілкі» паводле аднайменнай аповесці пісьменніка і кінадраматурга Паўла Ніліна (1908–1981), прысвечанай самаахвярным беларускім падлеткам-партызанам.
У 1995 г. гэта карціна ўвайшла ў спіс 100 найлепшых фільмаў ЮНЕСКА пра вайну.
Больш шырока стан людзей, што зведалі нямецкую акупацыйную ўладу, Тураў паказаў у экранізацыі дылогіі Алеся Адамовіча (1927–1994) «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой», якая атрымала агульную назву «Партызаны». Фільм, як і раман, пачынаецца з даволі вядомага эпіграфа, прысвечанага маці пісьменніка: «У вайны не жаночае аблічча».
Творы Васіля Быкава ў плане візуальнага ўвасаблення выявіліліся самымі няпростымі для кінематаграфістаў. Мала было механічна праілюстраваць фабулу, трэба было знайсці спосаб прадставіць на экране ўнутраныя маналогі, што патрабавала вялікага мастацкага досведу. Толькі ў савецкі час па творах пісьменніка было створана 16 фільмаў, 11 з іх экранізавана на «Беларусьфільме», астатнія на цэнтральных студыях кшталту «Масфільма» і «Ленфільма».
Дэбютнай экранізацыяй Быкава стала карціна «Трэцяя ракета» (1963) рэжысёра Р. Віктарава паводле аднайменнай аповесці. Сцэнарыстам фільма выступіў сам пісьменнік. Думка пра невыноснасць, амаральнасць вайны працінае ўсю стужку, як, зрэшты, і ўсе экранізацыі твораў Быкава, асабліва фільм «Пастка» (1966) рэжысёра Л. Мартынюка і міні-серыял «Доўгія вёрсты вайны» (1975) рэжысёра А. Карпава.
Спрабавалі экранізаваць і Уладзіміра Караткевіча. Першыя спробы – дзве кароткаметражныя карціны: «Сведкі вечнасці» (1964) рэжысёра А. Забалоцкага пра дубоў-асілкаў і «Памяць каменю» (1966) рэжысёраў В. Нікалаева і Ю. Цвяткова пра помнікі дойлідства як неад’емную частку памяці. Але іх з нацяжкай можна назваць экранізацыямі твораў, гэта хутчэй кінанарысы.
Непасрэднае супрацоўніцтва Караткевіча з кінематографам можна разглядаць, пачынаючы з экранізацыі яго рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» – гістарычнай легенды, што стала асновай для фільма У. Бычкова «Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка» (1967).
Адцэнзураваны і моцна скарочаны, фільм так і не дайшоў да гледачоў. Толькі ў 1989 г. ён быў рэабілітаваны і рэкамендаваны для паказу ўжо з першапачатковай назвай – «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».
Гістарычнасць сюжэтных падзей цікавіла кінастваральнікаў менш, чым узнаўленне фарсавага відовішча на экране, таму твор, набліжаны да сучаснасці, выклікаў жорсткае незадавальненне як партыі, так і крытыкаў. Адам Мальдзіс у сваёй кнізе «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча» адзначае:
«Сваёй „несіметрычнасцю“, выключнасцю героя і абставін, адмаўленнем усяго афіцыйнага і кананічнага, урэшце, метафарычнасцю, дзёрзкасцю, гарэзлівасцю ён [фільм] выбіваўся з застойнай атмасферы і пярэчыў ёй».