1 снежня 1941
Іван Мележ
Я з нейкім задавальненнем паставіў гэтую дату — 1 снежня. Пачатак зімы. Снегу няма. Вятры дзьмуць халодныя, пранізлівыя. Ляніва круцяцца матылі снегу... Пачатак зімы. Я спадзяюся, што яна будзе паваротнаю ў ходзе вайны. Яна дапаможа нам, халодная руская зіма.
Сёння разляцелася чутка пра нашу перамогу над Растовам.
Кажуць, нашы вярнулі Растоў, узялі каля сотні танкаў, 180 гармат, каля 20 тысяч палонных. Ці 5 ці 50 тыс. забітых — цяжка зразумець колькі, таму што ўсе гавораць па-рознаму. Але агульны настрой цудоўны, усе смяюцца, строяць надзеі на хуткую перамогу.
Зноў зіхнула зыркая іскра, не ўпершыню ярка, казачна засвяцілася ўсё вакол i — спераду. Але гэта — іскра. Хутчэй прыйдзі, дзянёк, калі такіх іскраў будзе многа, калі яны сальюцца ў адзінае пераможнае, яснае зарыва.