2 снежня 1941
Іван Мележ
Стаім усё там жа, але нас папярэдзілі пра тое, што хутка будзе адбой. Нуда чакання.
Паблізу знайшлі забітага байца. Непадалёк варонкі ад бомбы. Ён даўно быў забіты, ужо зацярушаны снегам. Рукі падняты, твар глядзіць угару, чысты, нібы жывы. Вочы паўзаплюшчаны, але ў ix блішчаць іскрачкі-сняжынкі. У кішэяі знайшлі ліст. Жонка пісала аб тым, што дачка Люся ўвесь час чакае бацьку, што дапамогі пакуль не далі, што яна чакае. «Ці хутка?..» Не хутка. Ніколі не вернецца. Не чакайце.
Мы яго закапалі ў глыбокай варонцы, навалілі на яго грудзі цяжкія глыбы мерзлай зямлі. Ніхто не ведае яго прозвішча, яго імя. Колькі такіх Невядомых ляжыць на рускіх палях,— адарваныя ад сем'яў, ад працы. Колькі горкіх слёз!.. Спяшаюся, скамандавалі адбой. Рушым далей.