3 верасня 1942
Іван Мележ
Баі ў Сталінградзе. А таксама ў раёне Новарасійска.
У раёне Сталінграда — баі супраць буйных груп танкаў i пяхоты, што прарваліся ў глыбіню нашай абароны. На адным участку немцы кінулі супраць нас 150 танкаў. Прарвалі нашу абарону, i нашы адышлі.
150 танкаў! Можна ўявіць, якія там баі.
Пра баі над Новарасійскам — паведамленне невыразнае. Ясна толькі, што немцы націскаюць з боку Краснадара. I ясна, што яны прабіваюцца наперад.
Пад Маздокам нашы адбіваюць атакі.
A ў нас у шпіталі — ціхае, звычайнае жыццё.