8 ліпеня 1896, Фердынанд Рушчыц | Wir.by

8 ліпеня 1896

Фердынанд Рушчыц

Фердынанд Рушчыц

Да скону памятная ноч! Прырода і чалавек далі што маглі. Ціша, гармонія ўсяго створанага. Спакой соннай прыроды і ўнутраны супакой. Бачыць тое, што вакол чалавека, у іншым, нядзённым, містычным святле - гэта ўзносіць над звычайнай юдоллю нашых слёз, узбагачае, дае нам новыя паняцці, робіць шляхетнейшымі пачуцці, падымае нас да больш высокага ўзроўню.

На працягу пяці гадзін не бачылі ніводнага чалавека, апроч нас, не чулі іншага гуку, як толькі ціхае шчабятанне нейкай начной птушкі і шоргат аленя. Ноч, але ноч летняя, калі адбітак зоркі ў небе і на паверхні вады не гасне, калі нават зоры свецяць няпоўным святлом у барацьбе з неад'емным правам дня. Тут цёмна, бо густы лес толькі зрэдку прасвечваецца альбо святлом містычнага далягляду, альбо дробненькай бліскучай кропкай светлячка. Тут малое, але поўнае нейкага пагрозлівага супакою возера. Часам туман над ім дзеліцца на нейкія таямнічыя постаці. Навокал нерухомыя цёмныя аграмадзіны заспаных дрэў - ці працятых урачыстасцю хвіліны, ці таксама стомленых спякотай. Высокі вал Герты ў адным месцы засланяе ніжнюю частку залацістага неба, і таму знікае ў блакітнаватым невыразным святле.

Уся гэтая частка лесу, поўная чараў народнай фантазіі, здавалася ў тую хвіліну як бы некранутай гісторыяй, быццам існуе бесклапотным жыццём далёкіх стагоддзяў. I ў гэтай цішы стаялі двое людзей, прасякнутыя сузіраннем гэтай прыгажосці, і адчувалі яе яшчэ мацней праз узаемную сімпатыю.