9 ліпеня 1944
Кузьма Чорны
Зранку ездзіў з Цімахом у Ізмайлаўскі парк. Тры гадзіны мы адседзелі на пнёх. Я расказваў што-нішто з гісторыі мястэчка Цімкавіч і характар і паходжанне цімкаўцоў і іх прозвішчаў. З сямі да дзевяці падвечар пісаў «Скіп'ёўскі лес». Думаю аб драме. Чытаў Л. Ляонава ў «Правде» «Взятие Великошумска», і паняверка мая, што «Скіп'ёўскі лес» пішацца вельмі дрэнна, зменшылася.
Думаю аб той горкай праўдзе, што ніколі не меў магчымасці пісаць тое, што самае важнае беларускай літаратуры і дзе б я сапраўды павярнуў бы горы. А то ўсё пішу на ўсялякія прамежныя тэмкі, пасля якіх думаў, што пазатыкаю горлы дурням і брахуном і тады ўжо вазьмуся за тое вялікае, што хачу і магу напісаць. Дай божа па-сапраўднаму ачуняць. Пасля вайны буду пісаць як хачу і магу.