1 снежня 1942, Іван Мележ | Wir.by

1 снежня 1942

Іван Мележ

Іван Мележ

Да гаспадыні прыходзіла яе знаёмая. Плакала, абедзве расхваляваліся. Гаспадыня супакойвала. У знаёмай сям'я — бацька, маці, дзве сястры, тры браты — два гады назад паехала ў Ленінград. У вайну сям'я засталася ў Ленінградзе, трапіла ў блакаду. Нядаўна знаёмая гаспадыні атрымала ліст, што радня памерла, уся сям'я памерла. Яна плакала, патроху звыкалася з цяжкай думкай. I вось цяпер раптам атрымлівае пісьмо з дзетдома гор. Барабінска. Піша пляменніца (ёй 10 гадоў). Яна адна засталася. Пляменніца напісала, як усё было. Спачатку памерла маці, яна аддавала ўсё сваёй маленькай дачцэ. Потым памёр бацька. Было холадна, спалілі ўсю мэблю ў доме, варылі лупіны ад бульбы. Памёрлі два браты, ix не прыбіралі, яны ляжалі ў пакоі, дома. Не было каму хаваць ix. Сястра памерла ў бальніцы, калі маленькую дзяўчынку эвакуіравалі. Знаёмая наша пісала ў Барабінск, дзяўчынку не адпускаюць. Жанчына плакала. Прасіла гаспадыню пахадатайнічаць за яе ў НКУС, у пракурора. Гаспадыня піша пісьмы ў розныя ўстановы Барабінска.