11 лютага 1942
Іван Мележ
Усе мінулыя дні пайшлі на пераходы са штаба ў штаб. Сёння хаджэнні гэтыя скончаны, мы ўзялі кірунак на станцыю. Пакуль сёння будзе прывал у Чырвоным Лімане. Мы спрытна ўчапіліся ў машыну i прыкацілі ў сяло.
Маленькае адступленне. Многае ў маёй кніжцы ўпушчана, але больш за ўсё я лаю сябе за тое, што мала пісаў пра таварышаў, аддаў вялікую ўвагу ўласным думкам i перажыванням. Некалькі слоў пра маіх новых спадарожнікаў.
Нас трое. Нікіценка, Гаркуноў, я. Наша сям'я будзе моцнай, калі мы будзем дзяліць нягоды i радасці пароўну, дапамагаць адзін аднаму. Трэба, каб кожны з нашай сям'і меў што-небудзь карыснае адзін ад аднаго, каб быў упэўнены, што жыць у калектыве лягчэй, лепш, чым у адзіночку. Так думаў я, сустрэўшы гэтых таварышаў. З першых дзён, аднак, пачаўся разнабой у дзеяннях, які ў далейшым узмацніўся i прывёў да таго, што жыць сумесным жыццём нам стала цяжка. Гаркуноў вельмі цяжка пераносіў нягоды. Калі мы ехалі ў аўтамашыне, ён увесь час скардзіўся, што ногі замерзлі «чартоўскі», i прапанаваў злезці з машыны. Мы абавязкова павінны былі спяшацца.
У мяне ногі мерзлі не менш, але я прапанаваў ехаць далей. На прывалах ён не ўдзельнічаў у агульнай працы, яго трэба было даглядаць.
Калі трэба было спяшацца, каб не адстаць ад таварышаў, ён, не шкадуючы, марудзіў, мы адставалі. Паспрабавалі па-сяброўску растлумачыць, але ён i слухаць не хацеў. Так трэшчына пашыралася. Што добрага ў ім? Ён дасціпны хлопец. Першае ўражанне ад яго вельмі добрае. Вось прыклады яго апавяданняў:
– Камандзір палка ў нас страшэнна лаецца. Але калі ўбачыць, што лаецца баец, ён крычыць: «Ты ведаеш, што ў палку маюць права лаяцца толькі я i мой шафёр» i інш.
Апавядае ён, захапляючыся сам, i вобразы ў яго атрымліваюцца жывыя.
– На бранявіку ехаў голы хлопец, Калі мы былі ў акружэнні. На назе доўгая рана, кроў заліла нагу, кроў на твары, афарбавала аўтамабіль. A ў акружэнні была справа. I вось урачы разгубіліся, не хочуць браць, кажуць, няма куды. Тады лейтэнант – рускі хлопец – прыгразіў: калі не возьмеце на лячэнне, вашу машыну пушчу ў паветра. Урач бачыў, што тут не жартуюць, i ўзяў... Больш за ўсё я не люблю ўрачоў i сабак. Сабакі кусаюцца, а гэтыя памагаюць паміраць.
I г. д.
З ім я магу падзяліцца думкамі, хлопец ён разумны, дапытлівы i развіты. Зусім іншае Нікіценка. Веды яго неглыбокія, ён не надта ўдумлівы, думак сваіх мала, паўтарае іншымі сказанае ці падтаквае нам. Гэта пры тым, што ў жыцці ён, відаць, пабачыў нямала: працаваў змалку шахцёрам, потым – у арміі. Затое ён добры таварыш, ён дапаможа заўсёды, вынослівы, вытрыманы. Пакуль усё.