6 верасня 1965
Уладзімір Караткевіч
Увечары зноў насуналася залева. Спрачаўся з Рыгорам [Барадуліным] аб нашым кіно і аб тым, чыім яно стала. Мае рацыю: яно чужое нават па тэмах і манеры выкананння. Варагі ўсіх масцяў робяць з яго што хочаш, толькі не мясцовае мастацтва, а таму яно і міжнароднага рэзанансу не мае. <...>
Паглядзім. Будучыня ўсё ж за намі. І ніякім панкам, што рабілі фільмы ў свой час і пад дэвізам "знішчалі і будзем знішчаць" прышчапіць нам свой погляд на свет і сваю манеру пісання – не ўдасца.
А віна пачалася з 20-ых гадоў, з таго часу, як адмовіліся ад мовы на экране і палічылі, што патрэбныя нам чужыя майстры.
Тут і сталі на заганны шлях. Лепей было спачатку выпусціць з дзясятак кепскіх фільмаў, але выкуць на іх свае кадры, сваю манеру. Калі за дзіця стане, няхай сабе і не разбіваючы носа, суседскі падлетак – гэта, як кожнаму ясна, не самы лепшы выхад са становішча. А суседскім падлеткам, а варагам цалкам усё роўна, ім напляваць на тое, дзе, з якой зямлі яны атрымліваюць свой хлеб.