26 сакавіка 1942, Іван Мележ | Wir.by

26 сакавіка 1942

Іван Мележ

Іван Мележ

Учора таварышы пайшлі ў гарнізонную варту. Сёння каменданцкі нагляд з нашых хлопцаў. Смяюцца, расказваюць, як заварочвалі ў камендатуру без звальніцельных. Многія паехалі кудысьці за горад, у стэп, ахоўваць склады. Словам, сёння засталіся толькі «начальнікі» (камузводаў), пісары, ды тыя, хто павінен пайсці ў нарад заўтра. А палове дзесятай зрабілі адбой, у шэсць, павольна, падняліся, адзеліся, прыбралі ў пакоях. Даўно забытае адчуванне няспешнасці, спакойнага шчасця. На сэрцы неяк па-святочнаму светла i ціха. А на дварэ зіхціць сонца. Учора быў мароз, а сёння азёры вады на вуліцах.

Да Выстаўкіна пазаўчора прыехала жонка. Яго адпусцілі на ноч, да 7 гадзін раніцы, у горад, да яе. Штодзённа, калі строем ідзем з заняткаў у полі, хто-небудзь сустракае з кашолкай у руцэ, шукае вачыма. Хлопцы смяюцца: «Зноў да некага шчасце прыляцела».