27 сакавіка 1991, Іван Шамякін | Wir.by

27 сакавіка 1991

Іван Шамякін

Іван Шамякін

Безумоўна, не актыўным удзельнікам, хутчэй сузіральнікам, але ў 60-я гады я апынуўся ў гушчы падзей агульнасаюзнага літаратурна-мастацкага жыцця. Прысутнічаў на дзвюх сустрэчах Хрушчова з творчай інтэлігенцыяй – на Ленінскіх гарах i ва Уладзімірскай зале Крамля. Аб сустрэчах гэтых многа напісана, асабліва групай «пакрыўджанага» Еўтушэнкі. (Усюды яго крыўдзілі: Шолахаў не накарміў сіротку абедам.) Сур'ёзнага даследавання няма, ёсць эмацыянальныя ўспаміны. A між тым гэта быў пачатак той жорсткай барацьбы, якая працягваецца сёння адкрыта, аголена i набывае суровыя формы i небяспечны змест.

Барацьба была складаная. Сілы не былі размежаваныя, як цяпер. Прайшоў XX з'езд, асуджаны Сталін. І вось яны, першыя антысталіністы... Але ж i я за XX з'езд, супраць сталінізму, супраць новага культу, ды i мае настаўнікі, сябры – Броўка, Глебка, Пракоф'еў, Грыбачоў, Сафронаў (з апошнімі сябраваў Броўка, i ён не аддзяляў мяне ад «вадапойных» сустрэч) таксама, на словах, прынамсі, падтрымлівалі апошнія рашэнні партыі. Розніца паміж мной i імі была хіба ў тым, што яны ўсе яшчэ захапляліся «мудрасцю» Мікіты, а мы з Андрэем ужо ставіліся да яго крытычна – за аграрную палітыку яго. І яшчэ розніца. Безумоўна, Броўка, Грыбачоў, Пракоф'еў добра ведалі сваіх праціўнікаў – з 20–30-х гадоў, добра ўсведамлялі, што гэтыя «патрыёты» Pacii i Саюза, калі захопяць, няхай i не палітычную, літаратурную, мастацкую ўладу, літасці не дадуць, славянскай дабрыні ў ix няма. Груба кажучы, пачалася зацятая барацьба за ўладу, за «кармушку», што ў адкрытым выглядзе адбываецца i зараз. Праўда, не магу кінуць цень на «старых», сказаўшы пра кармушку, да яе рваліся тыя, «ультрарэвалюцыянеры», прыкрываючыся высокімі лозунгамі, a людзі тыпу Пракоф'ева, Броўкі аб'ектыўна, шчыра былі перакананы, што яны служаць ідэям Рэвалюцыі, Леніна.

Безумоўна, старыя мелі большы доступ да Хрушчова, i яны пераканалі яго ў небяспецы павароту ў мастацтве, «новых плыняў», якія ў сапраўднасці былі даўнія, той жа абстракцыянізм на Захадзе завяршаў свой віток. Выкрываць гэтую «мазню» было проста: людзі, якія кіравалі партыяй i дзяржавай, маючы пэўную адукацыю i пэўную культуру, выхаваныя, у лепшым выпадку, на фальклоры, Пушкіне i Някрасаве, ніяк не маглі прыняць гэтых авангардысцкіх выкрунтасаў. Да таго ж дурнямі яны не былі: добра разумелі, што народ таксама не прыме гэтых навацый – не тыя традыцыі! – i выхоўваць яго, народ, такой пісанінай i мазнёй немагчыма – трэба трыбун Маякоўскі, «лепшы паэт эпохі».

Чым пах дарэвалюцыйны Мінск?
Чым пах дарэвалюцыйны Мінск?
Мінск (або ўсё ж такі Менск?) — горад з дваістай, няўлоўнай сутнасцю, бо яго аблічча пастаянна змяняецца: яго руйнавалі, перабудоўвалі, перадавалі з рук у рукі, ён гаварыў на самых розных мовах. Чалавек з ХІХ стагоддзя, апынуўшыся тут і цяпер, з цяжкасцю пазнаў бы Мінск, а нашы сучаснікі згубіліся б у горадзе канца ХІХ стагоддзя. У гэтым артыкуле паспрабуем перанесціся ў часе ды ўявіць сабе карціну дарэвалюцыйнага губернскага горада Менска з дапамогай самага моцнага каталізатара ўспамінаў — пахаў.
Кацярына Парыжаская
Чытаць артыкул