19 ліпеня 1941, Іван Мележ | Wir.by

19 ліпеня 1941

Іван Мележ

Іван Мележ

Нам далі некалькі гаўбіц з братняга палка, i мы ваюем. У нас ca старых камандзіраў засталіся толькі лейтэнанты Сітнікаў i Шылін.

Сітнікаў камандуе дывізіёнам — галоўным чынам 5-й батарэяй. 4-я — у рэзерве. Ад чацвёртай засталося ўсяго чалавек дваццаць. Учора нас пабілі нямецкія танкі. Мы ішлі з абозам. Потым абоз спыніўся. Абознікі ціхамірна драмалі. Я таксама задрамаў. Раптам недзе наперадзе, збоку, пачалі страляць. У момант уся дарога апусцела. Павозкі рыссю памчалі наперад. Мы былі каля павароту, ён быў прамым вуглом.

Вырашылі па полі, напрасткі, праскакаць, каб дагнаць сваіх. Але ў полі лопнулі пастронкі. Я, Матора, Землякоў кінуліся звязваць... А стрэлы — усё бліжэй. «Давайце адыходзіць», — кажу я. Хлопцы марудзяць. Раптам бачу — з-за ўзгорка танкі! Мы кінуліся бегчы. Танк — за намі, трасіруючыя кулі абганяюць нас. Збегшы з дарогі, упаў у траву, ледзь не задыхнуўся ад стомы. Танк падышоў, насупраць на дарозе спыніўся, пастрачыў, потым пайшоў далей. За танкам прайшла калона. Грымела наша артылерыя. Калі танкі прайшлі i ўсё трохі супакоілася, я ўстаў. Сустрэў Землякова, Паўла не было. Я пайшоў шукаць, баючыся, што яго паранілі, як раптам заўважаю, што насустрач ранейшым ідуць таксама танкі. Схаваўся ў сланечніках, метраў за сто ад дарогі. Нада мной ірваліся нашы снарады — гарматы білі па танках, страчылі танкі. Адзін танк, абыходзячы прыстрэленую дарогу, ледзь не раздушыў мяне. У мяне не было i гранаты. Толькі пад вечар усё змоўкла. Адно рваліся снарады на двух разбітых танках ды гарэлі нашы аўтамашыны. Гэты дзень, напэўна, самы жахлівы з усіх мінулых дзён вайны. Толькi ўначы я дабраўся да сваіх. Землякоў быў ужо там. Няма Вятошкіна, яго цяжка параніла. Няфёдава — таксама.