4 снежня 1941
Іван Мележ
Новаспасаўка. Учора мы праязджалі праз в. Крукава. Яна ўся спалена. Дамы ўсе без дахаў. Быццам фабрычныя, тырчаць абгарэлыя каміны. Пустыя вокны, чорныя сцены. Жыхароў няма, яны пакінулі вёску пад пагрозай немцаў. Мы ледзь знайшлі дамок, дзе былі цэлыя падлога i дах. Прыйшоў гаспадар, разам з намі адважыўся спаць у хаце. Было холадна, бо шыбы выбіты. Прачнуўся ноччу з дрыжыкамі, паехалі далей. У Лысагорцы на вуліцы валяліся трупы кароў, коней.
Па дарозе ўвесь час сустракалі жанчын з дзецьмі i клункамі — вярталіся дадому. У Н-Спасаўцы зайшоў абагрэцца. Гаспадыня пасадзіла за стол, запрасіла снедаць. Я быў галодны i не адмовіўся. Было няёмка за чыстым сталом за свой закураны твар i чорныя рукі. А гаспадыня апавядала аб месячным гаспадаранні немцаў.
Спрабавалі дастаць паесці, ездзілі ў нямецкую калонію. У ёй не было нікога. Усе жыхары ці эвакуіраваны, ці пайшлі разам з нямецкай арміяй. Усё забралі з сабой.