15 кастрычніка 1942
Іван Мележ
Хутка Бугуруслан. У вагоне цёмна i холадна. Уладкаваўся на лаўцы, ляжу i дрыжу. Нехта ў цемры апавядае. Прыслухоўваюся. Голас жаночы, гавораць пра Сумы. «Ці даўно вы з Сумаў?» — «У чэрвені гэтага года».— «Дык там жа немцы!» — «Немцы. А мы ў партызанах былі». Я з цікавасцю прыслухоўваюся i сам уцягваюся ў гутарку.
Гутараць некалькі чалавек. Сярод ix хлопчык з Мінска. Бацька загінуў, маці забілі немцы. Яго ўсынавілі партызаны. Але ў цэнтры ўвагі маладая жанчына, амаль дзяўчынка. Яна гаворыць нялёгка i няскладна. Але якое гэта незвычайнае апавяданне! Нават для мяне многае здаецца неверагодным. Аднак я веру яе словам,— гэта надобна на тое, што я бачыў на фронце. Яна расказвае аб тым, як у яе нарадзіўся сын. Яна раджала, а непадалёк ішоў бой. Усе ішлі ў лес, малыя i старыя. Немцы наступалі. Яна нарадзіла i, падхапіўшы сваё дзіця, таксама пабегла ў лес. Праз некалькі дзён прыляцеў самалёт i яе адправілі за лінію фронту. Яна была ў Маскве, адпачывала ў санаторыі. У Маскве зарэгістравалі сына. Дзядзька паднёс запалку, i яна паказала маленькі захутаны белы камячок. Пасля яе апавядаў другі голас. Я
слухаў яго, i мае ўяўленне малявала: лес, табуны кароў, авечак, павозкі з хатнімі рэчамі, маладых i старых мужчын з вінтоўкамі i гранатамі. Ён апавядаў пра тое, што ў лесе пачалі падрыхтоўку да зімы, капаюць ямы, будуюць зямлянкі. Вёскі цалкам пайшлі ў лясы, з сем'ямі. Вёскі спалены, спапялёны... Пасля яго зноў гаварыла яна.
Расказала пра канцэнтрацыйныя лагеры. Расказала: маці шукала сына, пешкі абышла сотні кіламетраў i не знайшла... «Як паладжана сувязь з атрадамі?» Яна сказала, што нейкі час не было солі ў партызан i з Масквы прыслалі солі. Атрымліваюць лісты. Аднаму партызану сыны пісалі рэгулярна з Далёкага Усходу. Яна i мне параіла звязацца са штабам партызанскага руху i нават адрас дала. Паспрабую звязацца з роднымі, партызанамі... Пад'язджаючы да Бугуруслана, мы развіталіся. Яны паехалі на Уфу.