16 кастрычніка 1942
Іван Мележ
Першае ўражанне — хутчэй павярнуць назад, пакуль не адышоў поезд. Ухапіцца на хаду за прыступку i ехаць абы-куды, толькі не заставацца тут. Стаю ў дворыку станцыі i пазіраю ўдалеч. На шэрым схіле гары паводдаль маленькія дамочкі, такія ж шэрыя, нязграбныя; толькі два-тры дамы ды шпіль царквы ўцешна бялеюць. Падышла машына. Прыехаў нейкі камандзіраваны з вобласці. Даведаўшыся, што я прыехаў сюды па сваей ахвоце, здзіўляецца, малюе сумную карціну, папракае. Уладкоўваюся ў газіку. Газік стары, трашчыць, скача па незлічоных калдобінах, пагражае заваліцца набок. Марудна паўзе па прысадах між вялікіх старых таполяў, што вартуюць дарогу да горада. Адной рукой падтрымліваю бочку, якая ўпарта імкнецца прыціснуць маё калена. Мост. Рачулка. Іду па цэнтральнай вуліцы.
Вуліца Рэвалюцыйная. Імжыць дождж. Тратуар разбіты, іду асцярожна, каб не набраць цераз верх чаравікаў. Пасярэдзіне вуліцы, кідаючы граззю, паўзе грузавік.