Wir.by | Сярэднявечча
У пошуках вытокаў беларускай літаратуры зазіраем на тысячу гадоў назад
Гэта 1 частка цыкла
Старажытнабеларуская літаратура
1. Сярэднявечча

Першае пытанне, якое мы павінны паставіць: «У сувязі з чым з’явілася пісьменства і, адпаведна, літаратура на беларускіх землях, у шырокім сэнсе — на землях усходніх славян у часы Сярэднявечча?» Большасць з вас ужо ведаюць адказ на гэтае пытанне: узнікненне прыгожага пісьменства і наогул пісьмовай традыцыі звязана з прыняццем хрысціянства.

Наступнае цікавае пытанне: «Што такое прыняцце хрысціянства? Гэта была падзея, якая ажыццявілася за адзін дзень? За тыдзень? За месяц? За год? Яна звязаная з адной канкрэтнай асобай?» Часцей за ўсё менавіта так нас і вучаць у школе: што гэта быў 988 год, гэта быў кіеўскі князь Уладзімір, які атрымаў мянушку «Хрысціцель» і якога ў народзе называлі «Чырвонае Сонейка». Насамрэч многія старажытныя крыніцы сведчаць пра тое, што працэс хрысціянізацыі адбываўся неаднаразова: не толькі ў часы кіеўскага князя Уладзіміра, а пачынаючы з варагаў Рурыка, Сінеуса і Трувара, з кіеўскай княгіні Вольгі.

Паколькі ўзнікненне кніжнай пісьмовай традыцыі было звязанае з прыняццем хрысціянства, пераважная большасць жанраў прыгожага пісьменства былі накіраваныя на тое, каб забяспечыць хрысціянскую літургію. Няправільна ўяўляць, што просты свецкі чалавек мог сесці і чытаць Біблію: да такіх кніг мелі дачыненне найперш духоўныя асобы. Свецкая літаратура, канешне, таксама існавала. Гэта была найперш не летапісная літаратура, нават не перакладныя аповесці пра Аляксандра Македонскага альбо пра траянскія дзеі, а літаратура юрыдычная. Бо прыняцце хрысціянства азначала, што на зямлі ўсходніх славян пачынала фарміравацца дзяржаўнасць. Жыццё рэлігійнае непасрэдна спадарожнічала жыццю палітычнаму.

Аляксей Аляксандравіч Шахматаў (1864–1920) — вядомы рускі філолаг і гісторык, заснавальнік гістарычнага вывучэння рускай мовы, старажытнарускага летапісання і літаратуры.

Апошняя, але вельмі важная заўвага: калі мы гаворым пра літаратуру часоў Сярэднявечча, што гэта за стагоддзі? У Х стагоддзі яшчэ толькі пачалі з’яўляцца кнігі, а ў XIII ужо пачынаецца перыяд мангола-татарскага нашэсця. Фактычна мы можам разглядаць толькі гэтыя два стагоддзі: XI і XII. Ці маглі фізічна дайсці гэтыя помнікі хаця б да даследчыкаў XIX стагоддзя? Не маглі і не дайшлі. Таму, калі мы згадваем канцэпцыю славутага расійскага вучонага Шахматава ў адносінах да старажытнейшага перыяду летапісання, мы павінны памятаць, што ён ужо не трымаў у руках гэтых летапісаў і не мог трымаць. Ці можам мы з вамі разважаць пра мастацкія асаблівасці жыція Ефрасінні Полацкай? Не можам, таму што самы старажытны спіс гэтага помніка — XVI стагоддзе.

На думку Ганса Ротэ, «старажытная літаратура ўсходніх славян ёсць не што іншае, як развіццё ў некаторых рэлігійных цэнтрах пісьмовай традыцыі, якая ў асобных епархіях сфарміравала своеасаблівую пісьмовую культуру».
З артыкула «Что такое древнерусская литература?»

Як можна заўважыць, Ротэ нават не ўжывае слова «літаратура». Бо што такое літаратура ў сучасным разуменні? Гэта плён мастацкай фантазіі. Такога не было ў часы Сярэднявечча. Але тады быў закладзены духоўны падмурак для далейшага плённага развіцця пісьмовай традыцыі ўжо ў межах Вялікага Княства Літоўскага.