Wir.by | Што такое «родная мова»
Якая мова больш родная? Ці толькі матчына мова з'яўляецца роднай? І як гэтую праблему вырашаюць у іншых краінах, напрыклад, у былой Югаславіі? Распавядае даследчык з НДУ ВШЭ Антон Сомін.
somin
Антон Сомін
Што такое «родная мова»

Што такое «родная мова»? Спачатку звернемся да тлумачальных слоўнікаў. Слоўнік Ожагава тлумачыць родную мову як «мову сваёй радзімы, на якой гавораць з дзяцінства». Але, па-першае, на радзіме можа быць некалькі моў. Па-другое, тое, што вы хочаце называць роднай мовай, можа не супадаць з тым, як вы гаворыце з дзяцінства. Па-трэцяе, тое, на чым вы гаворыце з дзяцінства, можа не быць мовай вашай радзімы, напрыклад, калі вы мігрант. Што такое родная мова – гэта пытанне сацыяльнай лінгвістыкі, але строгі лінгвістычны падыход часта не супадае з тым, як мы карыстаемся гэтым тэрмінам і што ад яго хочам у звычайным маўленні.

У падручніку Н. Б. Мячкоўскай «Сацыяльная лінгвістыка» (1996) няма азначэння роднай мовы, але гэты выраз там сустракаецца, напрыклад, у такім выказванні: «На індывідуальным узроўні тое, якая мова з’яўляецца роднай (матчынай) для канкрэтнага чалавека, залежыць ад...». Тут, відавочна, «матчына» выступае сінонімам «роднай». Але ў іншым месцы бачым: «Чалавек заўсёды ў той ці іншай ступені карыстаецца навыкамі маўлення на роднай (або асноўнай) мове...». Узнікае пытанне: гэтае «або» значыць, што асноўная – сінонім роднай, ці, наадварот, што гэта супрацьпастаўленыя тэрміны? У санкт-пецярбургскім падручніку М. Бахціна і Я. Галаўко ёсць глава «Родная мова, першая мова, матчына мова» (праўда, аб’ёмам усяго ў два абзацы), дзе распавядаецца, што матчына мова – не абавязкова родная, а родная – не абавязкова першая. «Матчына мова – гэта мова маці, якую дзіця засвойвае незаўважна ад нараджэння да пяці-шасці гадоў дзякуючы таму, што пастаянна знаходзіцца побач з маці. Родная мова, як правіла, супадае з матчынай. Аднак у шэрагу выпадкаў людзі могуць называць роднай мову, якой валодаюць дрэнна ці наогул не валодаюць. Першая мова – гэта мова, якую дзіця вывучыла першай. Яна, як правіла, супадае з матчынай, аднак і тут бываюць выпадкі, калі роднай мовай чалавека становіцца не тая, якую ён вывучыў першай».

Адзіны падручнік, які праясняе гэтае пытанне, – гэта падручнік маскоўскіх лінгвістаў У. Белікава і Л. Крысіна «Сацыялінгвістыка» (2001). Там распавядаецца, што родная мова – гэта мова, засвоеная ў дзяцінстве, навыкі карыстання якой у асноўным захоўваюцца і ў дарослым веку. Ці супярэчыць гэта ўяўленням пра тое, якая мова з’яўляецца роднай? Для многіх родная мова – гэта мова этнічная. У паўсядзённым ужытку, публіцыстыцы, а часам і ў навуковых працах гэтае словазлучэнне часта ўжываюць у іншым значэнні: «Нашыя дзеці не разумеюць ані слова на роднай мове», «Гараджане забываюць родную мову». Тут маецца на ўвазе мова, спецыфічная для дадзенага этнасу, то-бок этнічная мова. Усе мы ведаем, што беларускую мову ў побыце часта называюць «родная мова» ці «матчына мова», хоць гэта не адпавядае азначэнню ні матчынай мовы, ні роднай мовы, пададзеных у гэтых падручніках. З гэтым нам даводзіцца жыць і як лінгвістам інтэрпрэтаваць інфармацыю пра тое, якая мова з’яўляецца роднай, матчынай, этнічнай, мовай хатняга ўжытку і гэтак далей.

Лінгвістыка
Сёння
XX стагоддзе