Wir.by | Пра што шумяць Einstürzende Neubauten
Жахлівыя крыкі, ляскат і грукат будаўнічых інструментаў, эстэтычны калапс — так можна апісаць музыку нямецкага гурта з невымаўляльнай назвай Einstürzende Neubauten, які цяпер дае канцэрты ў філармоніях па ўсім свеце. Гэты артыкул раскажа, як эксперыментальны гурт, што грае на будаўнічых інструментах, стаў нацыянальным набыткам Германіі і пра што ён насамрэч «шуміць».
Пра што шумяць Einstürzende Neubauten
Пра што шумяць Einstürzende Neubauten

«Упершыню я ўбачыў Einstürzende Neubauten на галандскім тэлебачанні. Гэта было ў 1982 годзе. Я проста спускаўся па сходах нашага гатэля, калі з тэлевізійнага пакоя пачуўся гіпнатычны гук, каварна спакуслівы, нястрымна сумны. [...] Якім самотным здаваўся крык вялізнай вадасцёчнай трубы, яе дзіўны піск вісеў у паветры, як сірэна, што свісцела, паміраючы. [...] Затым жахлівы грукат, які, здавалася, зыходзіў з чэрава звера — галоднага звера, — і гук адбойнага малатка пачаў знішчаць гук трубы, пакуль яны не зліліся ў брудным злучэнні гуку, які ўдарыў мяне ніжэй пояса. [...]

Камера перасунулася праз сцэну і застыла на мужчыне, які трымаў два молаты. Ён стаяў побач з двума вялікімі кускамі здробленага ліставога металу, па якім ён усё грамчэй і грамчэй біў [...]. Нарэшце, камера знайшла трэцяга чалавека. На працягу шасцідзесяці секунд ён стаяў, як спаралізаваны, скрыўлены сваім вар’яцтвам. Затым ён разявіў рот і выдаў крык, які гучаў так, быццам нехта выцягваў шып з яго душы».

Так Нік Кейв апісвае момант, калі ён упершыню ўбачыў выступленне эксперыментальнага гурту Einstürzende Neubauten. Іх канцэрты ў 1980-я, на світанні нямецкай індустрыяльнай музыкі, былі менавіта такімі: мноства будаўнічых інструментаў, бляха і лісты металу, немыя крыкі вакаліста Бліксы Баргельда і падпальванне сцэны. Цяпер музыкам ужо трохі за шэсцьдзясят, іх канцэрты не перарываюцца праз падпалы, крык Бліксы — гэта больш не роспачны лямант, а голас нейкага іншапланетнага звера ці птушкі. Сёння Einstürzende Neubauten лічацца нацыянальным набыткам Германіі і адным з самых уплывовых гуртоў у культурнай атмасферы Берліна, яны даюць канцэрты ў філармоніях, іх падтрымлівае Інстытут Гётэ. Аднак прадметы на сцэне ўсё тыя ж, не хапае хіба што адбойнага малатка і вазочка з супермаркета, якія ў свой час нарабілі шмат шуму на канцэртах EN.

Einstürzende Neubauten (вымаўляецца як «А́йншцюрцэндэ Но́йбаўтэн») у перакладзе з нямецкай азначае «новабудоўлі, што руйнуюцца». Вобраз паэтычны і канцэптуальны.

Пасля Другой сусветнай вайны Берлін і многія іншыя гарады Германіі даводзілася адбудоўваць вельмі хутка і практычна з нуля. У канцы 1940-ых гадоў па ўсім Берліне ўзводзіліся так званыя Neubauten — танныя, непрыгожыя будынкі, несумяшчальныя па стылі з Altbauten — пампезнай даваеннай забудовай, спраектаванай яшчэ імперскімі і гітлераўскімі архітэктарамі. Навабуды — пейзаж тыповага нямецкага горада, шэры і аднастайны, без аніякіх адметнасцяў.

photo_2020-05-11_13-37-41.jpgБерлінскія навабудыНовабудоўлі, што руйнуюцца, — усведамленне недаўгавечнасці і часовасці ўсіх канструкцый, якія ствараюцца на стагоддзі. Не стала старога Берліна — не стане і гэтых навабудаў. Будаўнічыя інструменты, якія гурт выкарыстоўвае для стварэння музыкі, у такім кантэксце набываюць асаблівы сэнс. Усе гэтыя дзіўныя гукі — гэта вечнае берлінскае будаўніцтва, непастаянства горада, будаўнічая яма, у якой людзі павінныя неяк жыць. Звычайная музыка ў такім горадзе немагчымая і не была б сумленнай: сапраўдны гук Берліна — гэта гук адбойнага малатка.

Цікава ў такім ключы разгледзець вокладку альбома Einstürzende Neubauten пад назвай «Калапс»: музыкі стаяць на фоне стыдыёна «Алімпія», і ўсе іх інструменты раскладзеныя на зямлі, скіраваныя сваімі вострымі канцамі на гледача. Стадыён «Алімпія» быў пабудаваны да Алімпіяды 1934 года і дагэтуль выклікае яркія асацыяцыі з гітлераўскім рэжымам, з ідэалогіяй Трэцяга рэйха, якая ўзносіла цялесную дасканаласць, а таксама са знакамітым фільмам Лені Рыфеншталь «Алімпія». Зняцца каля «Алімпіяштадзіён» — значыць звязаць сябе з усімі гэтымі сэнсамі. Любая музыка і любое фота ў Берліне становяцца палітычнай заявай. І калі так, то адзіная правільная стратэгія вызвалення ад цяжару нямецкага мінулага — не стварэнне, а разбурэнне. Калапс.

en.jpgВокладка альбома «Kollaps»

Для Германіі вельмі актуальныя пытанні перажывання агульнанацыянальнай траўмы і асэнсавання вопыту сусветных войнаў, ініцыятарам якіх яна стала. Тое, што ў Берліне няма ніводнага будынка, які не мае ідэалагічных значэнняў, — не такая адметная сітуацыя, яна знаёмая многім еўрапейскім гарадам. Аднак для немцаў усе гэтыя значэнні звязаныя з пачуццём віны. Ці старыя будынкі не маюць права на існаванне, як і ўсё, звязанае з рэжымам нацыянал-сацыялізму, або яны з’яўляюцца аб’ектам памяці і гістарычнага досведу горада — гэта дылема, якую немцам дагэтуль цяжка вырашыць.

«Новабудоўлі, што руйнуюцца» прапаноўваюць «Стратэгіі супраць архітэктуры». Гэта іх план дзеянняў: адбойныя малаткі з іншымі будаўнічымі інстументамі выконваюць хаатычную музыку разбурэння і дапамагаюць ачысціць будынкі і прадметы ад страшных сэнсаў і перастварыць наноў.

У 2006 годзе ў рамках праграмы рэканструкцыі цэнтра Берліна нягледзячы на шматлікія пратэсты гараджан быў зруйнаваны будынак Палаца Рэспублікі, у якім у 1990-м вырашалася пытанне пра аднаўленне адзінства Берліна. Годам раней Einstürzende Neubauten далі там канцэрт пад назвай Grundstück («Аснова»), спрабуючы агнём і сваёй разбуральнай музыкай зняць з будынка ідэалагічныя сэнсы, звязаныя з савецкім перыядам, пакінуўшы толькі значэнне гістарычнага месца, дзе Германія нарэшце ступіла на шлях яднання.

«Новабудоўлі, што руйнуюцца» — гурт з Заходняга Берліна, дзе ўсё новае было пабудавана на грошы амерыканцаў і часцяком станавілася сімвалам перавагі ФРГ над ГДР. Палітызаваным было і мастацтва. З боку ГДР уся творчасць падпадала пад жорсткі цэнзурны кантроль. У Заходнім Берліне не было цэнзуры, але былі законы рынку: тое, што нельга было паставіць на радыё і прадаць, нельга было і запісаць на студыі і нейкім чынам распаўсюдзіць.

У 1970-ыя капіталізм выціскаў з Берліна ўсё магчымае, не думаючы пра наступствы для жыхароў: напрыклад, увесь горад быў запоўнены новымі будынкамі, але праз высокія кошты жытло было недаступным. У той жа час вялікая колькасць дамоў пуставала, што і прывяло да іх актыўнага незаконнага захопу — сквотынгу. У адказ былі прынятыя вельмі радыкальныя меры: тэрарысты з Rot Armee Fraktion выкрадалі дырэктараў банкаў і ўзрывалі супермаркеты. У 1980-ыя гэты тэрарызм прабраўся і ў музыку: Einstürzende Neubauten разбуралі тое, што называлася «шлягерам», і музыку з супермаркетаў. Такая музыка не можа перажывацца слухачом як уласны досвед, гэтая музыка — тавар, сродак абароту капіталу. Для яе праслухоўвання не трэба ўвагі, не трэба суперажывання. І тады Neubauten прыходзяць са сваім шумам і лямантам, здабываюць гук з перакручанага вазочка з супермаркета.

Яны кажуць, што слухач мусіць зразумець, што яго вушы — гэта раны ў целе, што гэтая музыка закранае яго напрамую. З гэтым досведам яму давядзецца ўзаемадзейнічаць самастойна, выключаючы «ўцёкі ад свабоды».

Яшчэ адно найважнейшае для творчасці нямецкага гурта паняцце — гэта Sehnsucht, неперакладальны тэрмін, які выкарыстоўвалі нямецкія рамантыкі, каб апісаць «тугу прагнуць» (ад слоў «Sucht» — «непераадольная туга, гора, жарсць» і «sehnen» — «жадаць»). Sehnsucht — цяга да чагосьці прынцыпова недасяжнага. «Новабудоўлі, што руйнуюцца» сцврярджаюць, што «Sehnsucht ist die enzige Energie», то бок адзіная магчымая энергія.

Магчыма, экперыменты Einstürzende Neubauten — гэта туга па пазнанні. Яны спазнаюць сутнасць прадметаў, раскрываючы іх гучанне, і спазнаюць музыку, працуючы з не-музычнымі інструментамі. Хаос з гукаў будаўнічых інструментаў — спроба знайсці музыку саму па сабе, музыку, уласцівую ўсяму свету. Аднак музыка ўсё яшчэ недаступная пазнанню, неахопная, недасягальная. Туга застанецца адзінай і вечнай энергіяй, а жаданне спазнаць музыку — гэта жаданне, якое ў прынцыпе немагчыма спатоліць.

RSS-стужка
Распавесці пра нас усім
Дапамагчы нам
Калі вы знайшлі памылку, у вас ёсць заўвагі па сайце або вы жадаеце дапамагчы нам, калі ласка, напішыце на help@wir.by
© Wir.by, 2020. Падчас капіравання і цытавання нашых матэрыялаў, калі ласка, не забывайцеся пазначаць першакрыніцу, адкуль вы атрымалі інфармацыю.