Wir.by | Белпедтэхнікум – alma mater паэтаў 1920-ых
Даследчыца і пісьменніца Ганна Севярынец распавядае пра легендарную навучальную ўстанову, якую так і не ўдалося знішчыць дарэшты.
siewiaryniec
Ганна Севярынец
Белпедтэхнікум – alma mater паэтаў 1920-ых

На Беларусі было тры легендарныя навучальныя ўстановы. Віленскі ўніверсітэт, калыска Яна Чачота, Адама Міцкевіча і Тамаша Зана, філаматаў і філарэтаў, а таксама паўстання 1831 года. Горы-Горацкая акадэмія, якая ўзгадавала Кастуся Вераніцына, аўтара «Тараса на Парнасе», і нарадзіла амаль увесь студэнцкі фальклор пачатку стагоддзя, і – Белпедтэхнікум.

Гэта быў наш Царскасельскі ліцэй – унікальнае месца, у якім з небывалым імпэтам і неверагоднай якасцю гатаваліся нацыянальныя кадры. Тут выкладалі Якуб Колас, Мікола Байкоў, Яўхім Кіпель, Уладзімір Тэраўскі, Міхась Грамыка, Язэп Лёсік, Міхайла Піятуховіч, Юльян Дрэйзін – выбітныя творцы і навукоўцы беларускага Адраджэння. Тут адначасова вучыліся Паўлюк Трус, Пятро Глебка, Максім Лужанін, Андрэй Александровіч, Зіна Бандарына, Наталля Вішнеўская, Алесь Якімовіч, Сяргей Серада-Дарожны, Змітрок Астапенка, Валер Маракоў, Лукаш Калюга – малады буйны цвет новай беларускай літаратуры.

Выпускнік Белпедтэхнікума – гэта было званне. Спачатку ганаровае, а потым, напрыканцы дваццатых, – небяспечнае. З Белпедтэхнікуму? Ага! Значыцца, нацдэм. Леанід Маракоў распачаў даследаванне Белпедтэхнікума менавіта з расстрэльных спраў 1937 года – заўважыў, што сярод «нацдэмаў» чамусьці вельмі многа тых, хто скончыў Белпедтэхнікум. Адтуль мы ведаем найбольш, з тых расстрэльных спраў, бо архіў легендарнай установы, канешне ж, не захаваўся.

А ў «Маладняку» за 1925 год была надрукаваная цэлая паэма, прысвечаная МБПТ: студэнт Алесь Якімовіч уславіў альма-матэр ва ўзнёслых вершах. Усё знікла, а вершы – жывыя. Вершы і памяць. Тое, што застанецца назаўсёды.

Літаратура
Беларусь
Мінск
СССР
БССР
1920-я
XX стагоддзе
1930-я
Алесь Дудар
Якуб Колас