6 сентября 1982, Владимир Короткевич | Wir.by

6 сентября 1982

Владимир Короткевич

Владимир Короткевич

<...> Папёрся ў Дом друку. Там спаймалі са «Звязды», просяць артыкул пра крыніцы. Адмовіў, аблаяўшы іх непрыстойна. Як 13 год таму за «Званы ў прадоннях азёр» не было быдла — ад вярхоў і да апошняга выканкома, — якое б не патапталася па маіх костках, так цяпер няма нікога, хто не прасіў бы артыкул на гэту тэму. А я ж першы сказаў, што гербіцыды і беспардонная меліярацыя — злачынства. Дык тады я вораг, а цяпер — праніклівы «мудрэц, які яшчэ тады глядзеў у корань». Цытую дваіх К.

Удзячны высокаму начальству за рэкламу. Пакуль П., Ш. і іншыя таўклі мяне ў карак і мяшалі з гразёй на ўсіх канферэнцыях — зацікавіліся і прачыталі нават тыя, што павек нічога не чытаюць. А прачытаўшы, сакратар нават самага захудалага раёна не мог не задумацца і, калі ў ім была драбінка розуму, спытаць у сябе: «А раптам гэта ён мае рацыю?»

Па дробязі карак ламалі (а што, каб за нешта сапраўды сур’ёзнае? Урэшце, жывая зямля больш сур’ёзная за ўсе гэтыя дзіцячыя палітычныя гульні), а цяпер: «Давай! Давай!»

Не, я ім «даваць» не буду. Цяпер гэтых першаадкрывальнікаў сотні знайшліся, і мне ў іх ліку быць «няўмесна». Хай сабе робяць «адкрыцці», за якія гладзяць па галоўцы. Мне гэта сорамна. І, галоўнае, цяпер гэта бяспечна, цяпер гэта могуць рабіць і без мяне, ёсць шмат каму рабіць гэта без мяне.

Словам, я гэтаму «звездару» адмовіў. <...>