2 апреля 1982, Владимир Короткевич | Wir.by

2 апреля 1982

Владимир Короткевич

Владимир Короткевич

Раніцай такое сонца, што нават праз адчыненыя балконныя дзверы вее дзесяціградуснай цеплынёй. А тут сядай і мужна, так бы мовіць, бярыся за работу. Дакладна – машынальную, без аніякага пробліску новай думкі, павароту вобраза і г. д. На ўсё гэта ўжо няма часу.

Пад вечар, перад захадам, страшнае «свір-р-р-р-р»-канне вераб’ёў на балконе, даядаюць сала. Цяпер пакладу толькі, калі вернецца зіма, а так: «Бог падасць», лайдакі. Чамусьці адчыненыя на балкон дзверы прыцягваюць іх. Іх многа, болей чым пару дзён назад. І нельга сказаць, што гэта іх проста лепей чуваць. Кожны дзень крыху сяджу там, бачу. Ці наядаюцца перад гулянкай, ці перад тым, як пераходзіць на падножны. А сініц нешта не бачу.