28 ноября 1942
Иван Мележ
Пачалося новае наша наступленне — у раёне Вялікіх Лук i на захад ад Ржэва. Вызвалена больш за 300 нас. пунктаў, разгромлены 4 пяхотныя i 1 танкавая дывізіі. Немцы страцілі больш за 10 тыс. забітымі.
Пад Сталінградам наступленне працягваецца.
Калі я быў у сталовай, нечакана ўвялі бездапаможна павіслую на руках знаёмую дзяўчыну з Адэсы. Яна істэрычна стагнала i плакала.
Збегліся афіцыянты. Дзяўчыну павялі ў суседні пакой, з ёй пайшлі афіцыянты. Я спытаў: «Чаму яна?» — «Паведамленне атрымала, муж загінуў». За суседнім сталом сядзеў нейкі тып у ваеннай форме. «Раве, вядома, не таму, што страціла чалавека, а таму, што атэстат не вышлюць». Ён развязна ўсміхаўся сваім таварышам па століку. Тыя маўчалі. «Відаць, чаю ўчора многа выпіла. Слёзы няма куды дзяваць».
Адзін з таварышаў вылаяў яго, i ён змоўк. Астатнія моўчкі сядзелі.
Прыйшлі афіцыянты. Праз некалькі хвілін з мокрымі ад слёз вачыма вярнулася новая ўдава, прайшла, нікога не заўважаючы. «Дзетак трэба пакарміць...» — пачуў я ўрывак фразы. Жыццё ідзе сваёй чаргой.
Новыя трывогі, новыя турботы нахлынуць, затопяць — спакваля змываюць усё, што было нядаўна.