3 октября 1944
Кузьма Чорный
У нядзелю ўвечары Пестрак расказваў Лужаніну, як яго мучылі ў польскай турме. Алаўкі паміж пальцаў, пампавалі ваду праз нос, білі гумавым кіем, замыкалі рукі ў кайданы. Я слухаў. Пестрак умее цікава расказваць. У яжоўскай турме ў Менску ўвосень 1938 г.31 мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі збітае месца халоднай вадой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубы і раўлі ў іх на ўсё горла, уганялі ў камеру з пацукамі, але рук у кайданы не замыкалі.
Сёння ўночы пацукі не далі спаць. Я ўпоцемку думаў аб Антаніне Лукашэўскай і двох яе сынох. Усё гэта можа пад маім пяром ажыць і жыць доўгім, поўным жыццём. І да мяне прыйшла шчырая радасць. Перад світаннем я заснуў без трывогі і суму. Калі ўжо будзе тая кватэра і ціхі кут, каб пісаць! Просіцца з пяра артыкул у «Звязду» аб літаратуры.