15 ноября 1942, Иван Мележ | Wir.by

15 ноября 1942

Иван Мележ

Иван Мележ

Усе дні ў Малдаўскім педінстытуце. Раблюся там сваім чалавекам, малдаванінам. У гэтыя дні адкрыў для сябе новы свет — жыццё людзей, якія былі выгнаны вайной з роднай зямлі, з Малдавіі, i якія знайшлі тут прытулак. З прычыны таго, што студэнтаў у інстытуце мала, на занятках у групе часам прысутнічае два-тры чалавекі. Даволі звычайная карціна, калі выкладчык чытае лекцыю для некалькіх чалавек. Я ўжо пісаў, што многія кепска апрануты, абутак дрэнны i ў большасці, цяпер я ведаю, чалавек трыццаць да гэтага часу спяць у аўдыторыях. Туды ж прыносяць абедаць. Так што ў аўдыторыях i займаюцца, i абедаюць, i спяць.

У малюсенькім пакойчыку з адным невялічкім акенцам сядзіць сакратар Прэзідыума Вярхоўнага Савета Малдавіі, сівы, худы чалавек з падстрыжанай вострай бародкай. Ён расказаў, што справы Вярхоўнага Савета ледзь паспелі выратаваць, вазілі ў скрынях. Скрыні пабіліся пры перавозках, i паперы склалі ў скрынкі ад селядцоў. Ён ледзь прыкметна ўсміхнуўся, з доляй іроніі: так больш надзейна... Ціхай, далікатнай мовай, стрымана ўсміхаючыся, сказаў: некалькі дзён назад атрымаў ліст. На канверце яго было: Бугуруслан Малдаўскай ССР.

Бачыў малдаўскую газету «Малдова сочыялістэ», але яна выходзіць не тут. Можа быць, у Маскве. Яе з цікавасцю чытаюць. Яна, відаць, як памяць аб роднай зямлі.