18 декабря 1982
Иван Шамякин
Гэтая зіма пачалася прыгожа: выпаў глыбокі снег, стварыўшы праблемы ў гарадах, на дарогах, апошнія дні ўзялося на мароз. Сёння ездзіў на дачу. Ад дачы Андрэя да сваёй прайшоўся пехатой. Казка.
Сосны абсыпаны снегам. Снежная бель вадасховішча іскрылася пад сонцам, ажно балюча было глядзець.
Я сам, без архітэктараў, якія хацелі ўзяць за праект 4 тысячы, зрабіў някепскі i эканомны праект рэканструкцыі, нават знешне прыгожа, а функцыянальна проста добра. I ўсё гэта ў тры-чатыры разы танней, чым каштавала б па праекце прафесіяналаў, якія многа мудрылі б. Хараство i зручнасць у прастаце.
Між іншым, рабочыя рамонтнага ўпраўлення, пра якіх расказваюць анекдоты — п'янюгі, рвачы, мне спадабаліся: ніякія не рвачы, канешне, выпіць могуць, але вядуць сябе прыстойна i за чаркай з імі пагутарыць цікавей, чым з іншымі пісьменнікамі.
Сёння соты спектакль «I змоўклі птушкі». Тэатр робіць маленькае свята, «раскалолі» мяне на вячэру. А я абыякавы. I, можа, упершыню мне шкада грошай на такую мэту. Што здарылася? Перанасыціўся?
Страціў цікавасць?