4 июля 1982, Владимир Короткевич | Wir.by

4 июля 1982

Владимир Короткевич

Владимир Короткевич

Свята ў Вязынцы. Не паехаў. Меркавалі, што будзе 50 000 чалавек, а гэта не па мне. Я вялікія натоўпы толькі ў кіно люблю, а калі не праштурхаешся ні да батлейкі, ні да бліноў, ні да эстрады (на эстраду мяне, вядома ж, ніхто не запросіць) — гэта не па мне. Пыл, які ўздымуць праз гадзіну на месцы поплава (ба, ды нават лужыны), гамарня, нічога і нікога не чуць, абліччаў не відаць, усё нібы ў тумане — злітуйся, пане божа. Ды і надвор’е псуецца. На месца бясхмарнай раніцы зараз, апоўдні, аблокі, і ці не будзе яшчэ дажджу. Ты прабач мне, Янка. Я табе сваё свята спраўлю, ціхае. Запалю перад тваім партрэтам свечку ды пачытаю твае вершы. Як мог я табе ў гэты юбілей адслужыў — як магу я табе і адсвяткую.