18 февраля 1982, Владимир Короткевич | Wir.by

18 февраля 1982

Владимир Короткевич

Владимир Короткевич

Наўскос падае вуліцай снегавая, дужа празрыстая завея. А ў закрытым двары гэтыя хлапякі рэюць, падаюць павольна. Дужа малыя і пушыстыя хлапякі. –4℃. У такі шэры дзень добра б на лыжах. Прайсці між узгоркаў, на якіх стаяць грывамі ліловыя лясы. Ісці доўга, а пасля напіцца вады проста з палонкі, хаця й не дужа хочацца піць.

У 15 г. на секцыю прозы «Апавяданне ў часопісе „Маладосць”» не пайшоў. На запрашэнні было дапісана рукой Юрэвіча: «Скажыце пра ўсё, што карціць і баліць». А я ніводнага апавядання за мінулы год не запомніў. А трэба было б сказаць: «Я дужа шкадую, што баляць мне ногі, бо мне дужа карціць даць нашым празаікам добрага выспятка пад тую самую паню».