21 июня 1994
Иван Шамякин
Чытаю ў «Полымі» дзённікавыя запісы Янкі Брыля «Вячэрняе».
Там жа мой дзённік. Яго — у раздзеле прозы, мой — «Успаміны. Дзённікі. Дакументы».
Гэта працяг яго абразкоў. Ён не ставіць дат, запісвае лаканічна, вобразна, па-брылёўску, намагаючыся з кожнага запісу зрабіць маленькую навелу. Ёсць безумоўныя ўдачы. Але я не пра гэта. У Брыля запісы апошніх год. Прэтэнзій у яго да Сталіна, камуністаў у сто разоў больш, чым у Быкава, за братоў, нявінна асуджаных. I, аднак, Янка, успамінаючы тыя злыя часы, нідзе не апускаецца да паталагічнага антыкамунізму. Янка разумее, што такое стаўленне да гісторыі, якой бы трагічнай яна ні была, прыніжае сур'ёзнага пісьменніка. Сур'ёзны аўтар не аплёўвае мінулае, а стараецца разабрацца ў ім. Шкада, што ў такіх кароткіх абразках гэта цяжка зрабіць. Напісаць бы яму раман аб трагедыі братоў сваіх i сваёй уласнай! Споведзь. Не напіша: 76 гадоў. У такім узросце ніхто з нас не напіша раман.