28 октября 1941
Иван Мележ
Варашылаўск. Вадзілі ў лазню. Калі чакалі ў чарзе, была аб'яўлена паветраная трывога. Праляцеў «юнкерс» у напрамку Варашылаўграда. Шыхары адчуваюць сябе амаль спакойна, відаць, абстраляны.
Ля станцыі вялікі металургічны завод. Ён ужо паўмесяца стаіць.
Яго бамбілі «юнкерсы», але амаль не пашкодзілі. Адна бомба ўпала ў заводскую сталовую ў час абеду. 70 чалавек забіта i паранена. У горадзе чэргі за хлебам, за насоўкамі. Купляюць усё, нават цацкі, якія непатрэбны. У магазінах амаль пуста. Купіў дзве паштоўкі — любімыя — Левітанавы «Залатая восень» i «Сакавік», люстэрка i ножык.