26 августа 1982
Владимир Короткевич
21℃. З раніцы было сонечна. Цяпер хмаркі і нейкі лёгкі туманны вэлюм. Сяджу, пакрысе працую, канца не бачу.
Біхевіярызм — метад у псіхалогіі, які даследуе паводзіны, тую нібыта рэальнасць, па якой мы мяркуем пра нашы думкі, страсці, перажыванні. Для пацука гэта, можа, і прымальна. Галодны — шукае шлях да сала і г. д. А для чалавека? Усю гэтую тэорыю можна было разнесці ўшчэнт яшчэ семдзесят год назад двума прыкладамі. Першы: чалавек не есць на прыёме далікатэсаў, каб не палічылі жадным. Другі: чалавек паціскае руку і ўсміхаецца нягодніку, якога з’еў бы жыўцом, у атацы кулю б яму пусціў у патыліцу, але пакідае гэта «да лепшых часоў». Ну, а калі яны не прыйдуць? Тады ніякі біхевіярыст не паставіць знака адпаведнасці паміж паводзінамі чалавека і ягонымі страсцямі.
Часопіс «Знание — сила», № 8 напісаў яшчэ мадней. Крытыкуючы біхевіярызм, прызнаў аднак: «Бихевиаристы выяснили, что роднит человека с крысой, и это уже немало. Их подход оказался эффективным на практике…»
Па-мойму, яшчэ мой дзед, не маючы і зялёнага паняцця пра біхевіярызм, цудоўна ведаў, што радніць чалавека з пацуком, і на практыцы вырашаў эфектыўны падыход да такога роду людзей. Варта было выдаваць кнігі, запаланяць імі Амерыку і Еўропу, будаваць дарагія інстытуты, прысуджаць Нобелеўскія і іншыя ўсякія прэміі.
Што зробіш, больш за ўсё чалавецтва заўсёды траціла на «ізмы» і на падгонку фактаў да гэтых «ізмаў». У той час як адзіны «ізм» сціпла стаяў убаку, чакаючы людзей, здатных ахвяраваць за яго… А тут можна і без «ізму», а проста сказаць «супакутванне» або «чалавечнасць».