17 сентября 1942
Иван Мележ
Ноччу быў налёт на Тбілісі. Немцы не бамбілі ці не змаглі бамбіць, але шуму было многа. Вельмі часта білі зеніткі.
Непрыемна было сядзець на чацвёртым паверсе i чакаць. Амаль усе, хто мог, кінуліся на двор. Глядзелі. У небе шнарылі пражэктары i ўспыхвалі разрывы. Чакалі напружана свісту бомб. Але ўсё абышлося.
Калі сціхла i сталі вяртацца, тыя, што засталіся ў палатах, падчэплівалі тых, каторыя пабеглі на двор. Масягін здзекаваўся з Жучкова: «Эх ты! Відаць, у штаны наклаў! Ты i на фронце, відаць, такі быў, ваяка! Ледзь што — штаны ў рукі!» Жучкова зачапіла гэта: «Трапіўся б ты мне на фронце, я паказаў бы табе, які я ваяка! Сам бы наклаў у штаны!» Потым ужо, не Масягіну, a іншым сказаў: «Мне лічаныя дні засталіся да камісіі. Што ж, я павінен разыкаваць i не дачакацца камісіі?»
Наогул, усе ўзрушаны, гавораць узбуджана. I смяюцца больш, i анекдотаў больш... А я ўспамінаю, што мяне асабліва трывожыла, калі я падумаў пра бамбёжку. Самае страшнае, калі адваліць кавалак дома i будзеш ляцець з чацвёртага паверха — разам з ложкам i цэглай!
Чамусьці мяне больш за ўсё палохае гэта: падаць з чацвёртага паверха! Мой ложак якраз у куце, з абодвух бакоў знешняя сцяна. Ужо калі адваліць вугал, дык мне першаму ляцець! Хоць ты месца мяняй!