13 июля 1942
Иван Мележ
Нашы пакінулі Кантэміраўку i вядуць баі ў раёне Багучар, на Доне, далека ў тыле ад тых мясцін, дзе нядаўна была наша дывізія...
Гэта так далека ў тыле, што я не магу зразумець, што ж гэта там адбываецца. Здаецца, нешта вельмі небяспечнае, страшнае. Мяне гэтыя весткі гнятуць нясцерпна. Здаецца ўсё гэта кашмарным сном. Але гэта не сон. Што ж там робіцца?
Нашы пакінулі Лісічанск. Бяда ў знаёмых маіх мясцінах. Але гэтыя знаёмыя мясціны — ужо ў тыле ў немцаў. Няўжо немцы ідуць па нашых тылах?
Так, усяго я чакаў, толькі не гэтага. Хто б мог падумаць пра такое!
За тыдзень збіта 583 самалёты немцаў. Можна ўявіць, якія баі!