28 августа 1965, Владимир Короткевич | Wir.by

28 августа 1965

Владимир Короткевич

Владимир Короткевич

Пад вечар зноў дробненькі дожджык. Смяротная, раптоўная, вострая туга па радзіме. Абрыдла мне ўжо тут. Тое нешматлікае, што ўбачыў, – цікава. Але кветкі не пахнуць (туман з'ядае водар), садавіна дробная. І гэтыя дажджы. І восень прапала (пра лета ўжо і не кажу). А скора ў нас на паплавах, на колкім атаўішчы, між цёмна сініх старыкоў, са стрэльбай і сабакам… А неба якое празрыстае, і як далёка, далёка, вельмі далёка відаць.

Прыеду – будзе кастрычнік. Зноў зіма. Хутка, нібы ў сне, праляцела лета. І нібы ў сне з гэтай прычыны ледзь не жывёльная туга.