9 августа 1944
Кузьма Чорный
Я сам не свой увесь гэты час. У Маскве страшна аставацца далей жыць. Гэты вялікі горад не дасць мне як мае быць ачуняць. І жыць не ў Беларусі больш не магу. А дзе жыць у Менску? І як там жыць на попелішчы? Што там есці? Пайшоў сёння рана ў рэдакцыю. Думаў, пакуль яшчэ там нікога не было, пісаць непатрэбную працу: перадавы артыкул у «Беларусь» № 5. Артыкул ужо напісаны, але цэнзар вымагае, каб там было як найбольш шаблону. Ратуй мяне божа ад гэтай работы больш. Аднак жа ў рэдакцыі нічога не рабіў, бо адразу найшло людзей, і падняўся гармідар, і ўсе мае дуды вобземлю.